Два з паловай гады калоніі за тое, што бараніў жанчыну ад міліцыянта



33-гадовага віцебскага праграміста Аляксандра Кірыленку асудзілі паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу.

Суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская прызнала Кірыленку вінаватым за “гвалт, учынены ў дачыненні супрацоўніка МУС”. Інцыдэнт, паводле якога распачалі крымінальную справу, адбыўся 6 верасня падчас нядзельнага шэсця супраць гвалту і фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. На вуліцы Праўды адбылася сутычка паміж удзельнікамі шэсця і міліцыянтамі, якія стаялі на шляху калоны. Аляксандр Кірыленка заўважыў, што міліцыянт замахнуўся дручком у бок жанчыны, і адштурхнуў яго. Пацярпелы – супрацоўнік Першамайскага РАУС Віцебску старшы прапаршчык Юрый Валейчанка, сцвярджаў на судзе, што „страціў  арыентацыю ў прасторы” і „перажыў фізічныя пакуты”.

Паводле праваабаронцы Ірына Траццяковай, падсуднаму пагражала яшчэ больш жорсткае пакаранне:

– У гэтым судовым працэсе пракуратура прасіла, каб прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. І калі даюць два з паловай гады, то гэта кожнаму зразумела, што страшна, калі чалавека па палітычных матывах караюць пазбаўленнем волі. І гэта паказальныя працэсы,  на іх не дапускаюць журналістаў і праваабаронцаў. Гэта запалохванне грамадзянскай супольнасці.

Яшчэ падчас судовага працэсу пацярпелы міліцыянт Юрый Валейчанка патрабаваў матэрыяльнай кампенсацыі за перанесеныя маральныя пакуты памерам 1500 рублёў. Суд задаволіў патрабаванне, і сям’я падсуднага выплаціла гэтую суму яшчэ да абвяшчэння прысуду. Пасля гэтага пацярпелы напісаў сваякам распіску, што не мае больш прэтэнзій, і што не настойвае на тым, каб падсуднага пакаралі пазбаўленнем волі. Аднак Аляксандра Кірыленку ўсё адно асудзілі да  зняволення на 2 з паловай гады.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск