Дваіх лекараў выпусцілі з міліцыі пасля складання пратаколаў



Затрыманых увечары 27 кастрычніка дваіх анестэзіёлагаў Менскай абласной лякарні выпусцілі з міліцыі пасля складання пратаколаў, паведамляе тэлеграм-канал медыцынскай супольнасці „Белыя халаты”.

Лекары выйшлі пасля працы падтрымаць калег з РНПЦ „Кардыялогія”. Ганну Сушчынскую і Ганну Карась невядомыя „забралі проста каля лякарні і павезлі ў невядомым кірунку”.

Як высветлілася пазней, яны былі дастаўлены ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Калегі і сваякі прыехалі падтрымаць затрыманых. „На кожную склалі пратакол, лекары падпісалі „не згодныя”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раніцай 27 кастрычніка каля станцыі метро „Грушаўка”, на праспекце Дзяржынскага, у ходзе акцыі салідарнасці сілавікі затрымалі дзесяць супрацоўнікаў РНПЦ „Кардыялогія” і ўрача 4-й гарадской клінічнай лякарні. З-за затрыманняў было прыпынена выкананне запланаваных на аўторак аперацый у кардыяцэнтры. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў Маскоўскае РУУС, дзе на іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП). Апоўдні ўсіх медыкаў адпусцілі.

БелаПАН