Двайны юбілей віцебскага “Магістрата”



Рэдакцыя газеты Віцебскай рады Партыі БНФ, якая стала выходзіць з 1999 года, нядаўна выпусціла 100-ты нумар выдання. Ужо гатовы да выхаду і наступны, 101-ы нумар. А сама газета за 20 гадоў свайго існавання ператварылася ў выданне для ўсіх гараджанаў, а не толькі для партыйцаў, падкрэслівае рэдактар Кастусь Смолікаў:

Мы стараемся сумяшчаць матэрыялы, якія прысвечаны нейкім партыйным падзеям, з матэрыяламі пра праблемамі, якія хвалююць жыхароў Віцебска. Вось апошнія нумары мы прысвяцілі так званаму “народнаму парку”, які плануецца разбіць на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Нам было шмат тэлефанаванняў з падтрымкай. Таму мы стараемся, як кажуць, трымаць руку на пульсе падзеяў і жаданняў людзей.

Магістрат” – гэта адно з нешматлікіх незалежных выданняў у Віцебску, дзе афіцыйна выдаюцца толькі дзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты. Таму распаўсюднікаў “Магістрата” неаднаразова затрымлівалі, судзілі, штрафавалі і адпраўлялі на “суткі”.

Сёння газету, якая выдаецца ў друкаваным выглядзе накладам 299 экзэмпляраў, можна знайсці і ў інтэрнэце – у раздзеле “Перыёдыка” беларускай інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат” захоўваюцца нумары “Магістрата за апошнія некалькі гадоў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск