Дваровая актыўнасць не спыняецца



У Жодзіне 25 снежня мясцовыя жыхары запісалі відэа ў падтрымку Ігара Лосіка. У гэты дзень стала вядома, што палітвязню падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 25 сакавіка, бо скончылася паўгадавое зняволенне, аднак на свабоду палітвязень не выйдзе. Сам Ігар Лосік працягвае галадоўку, якую абвясціў 15 снежня. Таксама ўвечары і ўдзень – дзясяткі людзей выходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі на маршы салідарнасці на вуліцы Максіма Багдановіча, у раёне станцыя метро «Спартыўная», у менскім мікрараёне Кавальская слабада і іншых кропках сталіцы.

Людзі настроены выходзіць, яны працягнуць гэта рабіць, так кажа кіраўнік Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Святы – гэта добрая нагода сабрацца ўсім разам у цэнтры гарадоў, вакол гэтых святочных ялінак. Будзе вельмі дзіўным разгон падобных сустрэчаў людзей падчас святкаванняў Новага году. У людзей запал ёсць. Выхады адбываюцца не толькі па нядзелях, але і кожны дзень. У выходныя, пачынаючы з суботы, – з раніцы да вечара. Акцэнты можа быць мяняюцца, мяняюцца фарматы, але сутнасць не мяняецца. Людзі хочуць пераменаў, яны патрабуюць пераменаў і будуць рабіць усё магчымае, каб перамены адбыліся.

24 снежня таксама ў розных кропках Менску адбыліся дваравыя маршы. Увечары дзясяткі жыхароў мікрараёну Зялёны Луг выйшлі на марш з бел-чырвона-белымі сцягамі. Яны скандавалі: «Глядзі ў вакно, а не ў тэлевізар». Нешматлікія вечаровыя акцыі салідарнасці напярэдадні адбыліся таксама ў Віцебску, Жодзіне і Заслаўі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя