Двое беларусаў і расеец затрыманыя за арганізацыю канала нелегальнай міграцыі
Двое беларусаў і расеец затрыманыя ў Віцебскай вобласці за арганізацыю канала незаконнай міграцыі грамадзян В’етнама ў Літву, паведамляе прэс-служба МУС Беларусі.
„Супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі пры сілавой падтрымцы АМАПа УУС Віцебскага аблвыканкама спынілі міжнародны канал незаконнай міграцыі грамадзян В’етнама ў Літву”, — гаворыцца ў паведамленні.
Згодна са звесткамі аператыўных супрацоўнікаў, двое жыхароў Оршы і расеец арганізавалі нелегальны ўезд з Расеі і знаходжанне ў Беларусі грамадзян В’етнама з мэтай іх далейшай перапраўкі на літоўскую тэрыторыю па-за беларускіх памежных пунктаў пропуску. У ноч на 9 верасня праваахоўнікі затрымалі арганізатараў і чатырох незаконных мігрантаў на 127-м км аўтадарогі Менск — Ашмяны — мяжа Літвы.
Ашмянскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі). Вырашаецца пытанне аб арышце арганізатараў нелегальнага бізнесу. Зараз праводзяцца дадатковыя аператыўна-вышуковыя і следчыя мерапрыемствы для ўсталявання іншых саўдзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці з ліку жыхароў Аршанскага раёна.
У дачыненні да ураджэнцаў В’етнама пачаты адміністрацыйны працэс у парадку арт. 23.55 КоАП (парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства).