Двое рабочых атрымалі траўмы на будоўлі АЭС



Апоўдні 27 ліпеня ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб траўмаванні пры выкананні працоўных абавязкаў 59-гадовага і 23-гадовага работнікаў аднаго з падраздзяленняў абласнога будаўнічага прадпрыемства, якія выконвалі ўцяпляльныя працы на адміністрацыйным будынку лабараторна-бытавога комплексу АЭС, што будуецца ў Астраўцы.

Следчыя з удзелам спецыялістаў упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Смаргонскай міжраённай інспекцыі Гарадзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы агледзелі месца здарэння. Апытаныя відавочцы здарэння і кіраўнікі.

Устаноўлена, што работнікі атрымалі траўмы ў выніку падзення агароджанай платформы (калыскі) аўтавышкі аўтамабіля „МАЗ” з мантажным стрэлавым падымальнікам. Меркаванай прычынай падзення з’яўляецца збой у працы абсталявання. Абодва работнікі былі забяспечаныя сродкамі індывідуальнай абароны.

„Высвятленне ўсіх абставінаў працягваецца ў межах неабходных праверачных і працэсуальных дзеянняў. Вывучаецца дакументацыя па арганізацыі аховы працы і тэхніцы бяспекі. Прызначаная вытворчасць судова-медыцынскіх экспертыз для ўстанаўлення ступені цяжару атрыманых работнікамі цялесных пашкоджанняў. Па выніках праверкі следчыя прымуць працэсуальнае рашэнне, а таксама меры для ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі факту траўмавання”, — адзначаецца ў рэлізе.

СК распаўсюдзіў сваё паведамленне праз 2,5 гадзіны пасля таго, як інфармацыя пра НЗ была размешчаная ў папулярным телеграм-канале Nexta.

БелаПАН