Двое супрацоўнікаў дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі „Віцебск” абвясцілі страйк
Ужо другі дзень страйкуе сямейная пара – рэдактарка і вядучая праграмы „Время АРТ” Таццяна Іваноўская і галоўны інжынер Уладзімір Зайцаў.
Яны прыходзяць на працу, але не прыступаюць да выканання сваіх абавязкаў – проста садзяцца за стол у фае і так праводзяць працоўны дзень. Таццяна і Уладзімір патлумачылі, што пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і міліцэйскага гвалту. Яны патрабуюць правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і пакарання супрацоўнікаў МУС, якія незаконна затрымлівалі і нявечылі ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Свае патрабаванні пратэстоўцы даслалі дырэктарцы ТРК „Віцебск” Алене Панцюховай, кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту і старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалаю Шарснёву.
Работнікі ТРК „Віцебск” падкрэсліваюць, што страйк – гэта іх прыватнае рашэнне, і што яны не асуджаюць калег, якія па нейкіх прычынах не наважваюцца далучыцца да пратэсту. Страйкоўцы кажуць, што шмат хто з калегаў іх падтрымліваюць маральна, і што пакуль ніякага ціску з боку кіраўніцтва на іх няма. Абодва ўпэўнены, што іншага выйсця не мелі, бо ўжо прынялі для сябе рашэнне сысці з дзяржаўнага тэлебачання, калі ў краіне не зменіцца ўлада. І што цяпер яны гатовыя да любых наступстваў іхнага ўчынка – аж да звальнення.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск