Двое ўкраінцаў затрыманыя на мяжы са 100 кг сала
Вечарам 6 чэрвеня побач з пунктам пропуску „Церахоўка” пагранічны нарад затрымаў двух грамадзян Украіны. Затрыманыя мужчыны рухаліся ўздоўж чыгуначнага палатна ў бок вёскі Добрушскага раёна і пры сабе мелі 100 кг сала.
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскай пагранічнай групы Дзмітрый Уклейка, грамадзяне Украіны жывуць у вёсцы Гарадня Чарнігаўскай вобласці і прыбылі ў Беларусь на дызель-цягніку Шчорс — Гомель. Пасля перасячэння мяжы прадпрымальныя ўкраінцы выкінулі сала з акна вагона, а пасля праходжання пагранічнага і мытнага кантролю пешкі вярнуліся па іх, але былі затрыманыя памежнікамі.
Як прызналіся затрыманыя, сала прызначалася для рэалізацыі на рынках Гомеля.
Украінцы перададзеныя для разбору супрацоўнікам Гомельскай мытні.
За першае паўгоддзе на ўкраінска-беларускай мяжы неаднаразова канфіскоўвалася сырое мяса і сала, што ўвозілася з Украіны. У дзевяці выпадках парушальнікі перавозілі схаванае ў тайніках аўтамабіляў сырое мяса і сала на агульную суму каля 50 млн. рублёў. Гэта прывяло да таго, што ўладальнікі пазбавіліся сваіх аўтамабіляў на агульную суму амаль 900 млн. рублёў.