Двух «чорных рыэлтараў» з Магілёва расстраляюць
Калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда паставіла 21 ліпеня кропку ў рэзананснай справе “чорных рыэлтараў”. Працэс распачаўся ў 12 гадзін.
Пачынаючы з 2009 па 2015 год устойлівая злачынная група займалася афёрамі з чужой нерухомасцю, забіваючы уладальнікаў кватэр. Следствам устаноўлена датычнасць “чорных рыэлтараў” да забойства шасці чалавек.
Яны рыхтаваліся забіць яшчэ некалькі чалавек і нават падрыхтавалі некалькі магіл, каб схаваць іх целы, аднак супрацоўнікам міліцыі ўдалося вылічыць забойцаў.
Працэдура афармлення продажу кватэры праходзіла практычна ў законным парадку. А далей «чорныя рыэлтары» пад рознымі падставамі падманам зацягвалі ахвяр у бязлюдныя месцы, дзе забівалі іх, а целы закопвалі на могілках.
Усяго па справе праходзіла 4 чалавекі. Гэта 36-гадовы Ігар Гершанкоў, 31-гадовы Сямён Беражноў, жонка Гершанкова Таццяна і Барыс Калеснікаў, якому 22 гады.
Старэйшы пракурор Магілёўскай абласной пракуратуры Аляксандр Раманаў, які прадстаўляў у працэсе бок абвінавачвання, запрасіў для першых двух вышэйшую меру пакарання – растрэл, Таццяне – 24 гады турмы і Калеснікаву – 22 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Магчыма, што суд у Магілёве пагодзіцца з меркаваннем абвінавачвання і вынесе два смяротныя прысуды.
21 ліпеня калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда абвясціла прысуд:
Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання – растрэл;
Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання – растрэл;
Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці;
Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
Гэты судовы працэс распачаўся яшчэ ў лістападзе 2016 года. Па справе праходзіла амаль 400 сведак.
Усіх чатырох абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойства, выкраданне чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж, знішчэнне і падробка дакументаў. Гершанкова з жонкай дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Ад пачатку года ў Беларусі адзін смяротны прысуд прыведзены ў выкананне. Быў растраляны жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў. Жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі чакаюць сваёй чаргі.
Паводле spring96.org