Двух грамадзян РФ судзяць распаўсюд наркотыкаў у Беларусі



 У судзе Барысаўскага раёна пачаўся працэс па справе двух грамадзян Расейскай Федэрацыі, якія арганізавалі ў Беларусі наркалабараторыю. Забароненыя рэчывы яны партыямі хавалі ў тайніках. За незаконны абарот наркотыкаў абвінавачваным пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі (ч. 4 арт. 328 КК).

На лаве падсудных — 24-гадовы Аляксей Сіраценка і 25-гадовы Яўген Сакалоў. Паводле дадзеных следства, маладыя людзі выраблялі наркотыкі і псіхатропы, а потым хавалі іх па тайніках у Барысаве, Менску і Менскім раёне.

У здымнай кватэры аператыўнікі выявілі прыкладна 2,9 кг наркатычных рэчываў, якія абвінавачваныя вырабілі за некалькі тыдняў.

Фігуранты справы былі знаёмыя з дзяцінства, выраслі ў адным горадзе. Пазней разам жылі ў Санкт-Пецярбургу, куды адправіліся на заробкі.

Сакалоў па аб’яве ў інтэрнэце уладкаваўся „фотакур’ерам” — яго задачай было забіраць вялікія закладкі з тайнікоў, драбіць іх на меншыя, фатаграфаваць новыя тайнікі і адпраўляць здымкі з апісаннем адрасоў „работадаўцу”. Спачатку ён трэніраваўся на фальшывых закладках з паваранай соллю. Затым яму прапанавалі папрацаваць у Беларусі.

У кастрычніку 2016 года Яўген Сакалоў прыбыў у Гомель. Тут ён рабіў навучальныя закладкі з паваранай соллю для такіх жа пачаткоўцаў, якім быў сам нядаўна. Пасля гэтага яму прапанавалі „павышэнне” — вырабляць наркотыкі, фасаваць іх і раскладваць па тайніках у Менскай вобласці. Неабходнае абсталяванне і сыравіну для наркалабараторыі Сакалоў забраў у лесе пад Масквой.

За працу яму абяцалі плаціць 130 тыс. расейскіх рублёў штомесяц (каля 2 тыс. долараў). Колькі ён у выніку зарабіў, у судзе так і не прагучала. Малады чалавек адмовіўся даваць паказанні.

У лістападзе 2016 года абвінавачваны пераехаў у Барысаў. Паколькі заказаў станавілася ўсё больш, ён выклікаў на дапамогу з Санкт-Пецярбурга свайго таварыша — Аляксея Сіраценку.

Разам прыяцелі выраблялі наркотыкі і буйнымі партыямі хавалі іх па тайніках. Сіраценка не паспеў атрымаць за сваю працу ні капейкі. Праз два тыдні пасля прыбыцця ў Беларусь яго разам з Сакаловым затрымалі аператыўнікі.

Абвінавачваныя цалкам прызналі сваю віну і заявілі аб раскаянні. Ім пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

belapan.com