Двух Кіеўскіх мітрапалітаў быць не можа



Пасля аб’яднаўчага сабору прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату Ануфрый будзе насіць тытул мітрапаліта Рускай праваслаўнай царквы ва Украіне. Пра гэта ў інтэв’ю ТСН расказаў кіраўнік Адзінай праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Епіфаній.

 

„Усяленскі патрыярх адрасаваў ліст асабіста мітрапаліту Ануфрыю, якому было выразна сказана пра тое, што пасля аб’яднаўчага сабору, абрання прадстаяцеля гэтай аб’яднанай царквы, мітрапаліта Кіеўскага, ён аўтаматычна становіцца кананічным мітрапалітам Кіеўскім. З гэтага моманту, адпаведна, не можа існаваць двух мітрапалітаў Кіеўскіх. Адпаведна мітрапаліт Ануфрый будзе толькі мітрапалітам Рускай праваслаўнай царквы ва Украіне”, – растлумачыў Епіфаній.

Па яго словах, былыя прыходы Маскоўскага патрыярхату знаходзяцца ва ўлонні Рускай праваслаўнай царквы і маюць украінскую рэгістрацыю. „Мы заклікаем пасля 15 снежня, пасля сабору, усіх нашых братоў з Маскоўскага патрыярхату далучыцца да Адзінай праваслаўнай украінскай царквы. Але мы павінны найперш паказаць наша адзінства будаваць царкву на аснове любові, узаемаразумення, брацкага стаўлення, таму што зараз ёсць многа ахвотных перайсці ў Адзіную праваслаўную царкву Украіны, але яны напалоханы. Яны да канца не верылі і, напэўна, зараз яшчэ не вераць і сумняваюцца, што гэтая справа будзе да канца завершана. Але мы аб’ядналіся”, – дадаў мітрапаліт Кіеўскі Епіфаній.

Беларускае Радыё Рацыя