Двух мазыранінаў асудзілі за намер зрабіць дыверсію на чыгунцы



Рэпрэсіі ў Беларусі. За намер зрабіць дыверсію на чыгунцы двух жыхароў Мазыра асудзілі на 14 і 16 гадоў калоніі.

Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча ў закрытым рэжыме. Сельвіч атрымаў пакаранне 14 гадоў калоніі, Пляшкун — 16, піша радыё «Свабода».

34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча затрымалі ў сакавіку 2022 года. Беларуская тэлевізія выпусціла тады сюжэт, з якога вынікае, што за жыхарамі Мазыра сачылі супрацоўнікі КДБ. У гаражы аднаго з затрыманых Сяргей і Юры абмяркоўвалі магчымасці перашкодзіць руху расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы. Канчатковае абвінавачанне ім выставілі паводле сямі артыкулаў:

ч. 2 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў»);

ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»);

ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);

ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін»);

арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»);

ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»);

ч. 1 арт. 361 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020-га па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч нібыта набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх выкарыстання.

Таксама іх абвінавацілі ў тым, што ля аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна Пляшкун і Сельвіч нанеслі фарбай на плот і знак малюнкі і надпісы.

Хто такія Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч?

У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі ў сакавіку паказалі кадры з нейкага памяшкання, падобнага да гаража. На відэа двое мужчын абмяркоўваюць спосабы таго, як перашкодзіць перасоўванню расейскай тэхнікі па чыгунцы. Магчыма, увагу спецслужбаў адзін з затрыманых, Сяргей Пляшкун, прыцягнуў тым, што скінуў відэа з калонай расейскай тэхнікі ў адзін з «дэструктыўных» каналаў. Пры ператрусе ў затрыманых забралі пустыя бутэлькі, салетру, біту, пнеўматычны пісталет. Сцвярджаецца, што абвінавачаныя маглі зрабіць «кактэйлі Молатава».

Адзін з затрыманых, 44-гадовы Юры Сельвіч, жанаты, мае траіх дзяцей. Двое дарослых сыноў на момант затрымання Сельвіча былі ў войску, адзін служыў у Мар’інай Горцы пасля заканчэння ўніверсітэта. Яшчэ ў сям’і выхоўваецца прыёмная дачка, ёй 10 гадоў. Па словах знаёмых, Юры працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі.

«Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, якія былі ў Мазыры пасля выбараў. Сельвіча двойчы затрымлівалі паводле 23.34, адзін раз былі «суткі», другі раз штраф. Юры дапамагаў фінансава сваякам палітвязняў. Ну, гаварылі яны нешта, але ж дзеянняў ніякіх не было», — патлумачыў сябар абвінавачанага.

Сяргей Пляшкун мае жонку і дваіх дзяцей. Адзін сын ходзіць у першы клас, другому яшчэ няма году. Жонка Плешкуна ў дэкрэтным адпачынку.

«Сяргей працаваў гандлёвым агентам. Ён добры муж, бацька і сябар. Сапраўдны, такіх вельмі мала. Ён і Юры ахвяравалі сабой дзеля свабоднай Беларусі», — зазначыла знаёмая затрыманага, таксама жыхарка Мазыра.