Двух выкладчыкаў берасцейскай ВНУ падазраюць у карупцыі
Пачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да двух выкладчыкаў адной з вышэйшых навучальных устаноў Берасця.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, згодна са звесткамі следства, з 25 па 27 студзеня 42-гадовы старшы выкладчык ВНУ атрымала на працы ад сваёй 37-гадовай калегі 160 долараў ЗША і 190 рублёў. Гэтыя грошы тая ў сваю чаргу атрымала ад студэнтаў аддзялення завочнага навучання ВНУ для наступнай перадачы старшаму выкладчыку за паспяховую здачу экзамену.
Супрацьпраўныя дзеянні падазраваных былі выяўленыя супрацоўнікамі аддзела па змаганні з эканамічнымі злачынствамі Ленінскага РАУС Берасця.
27 сакавіка Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да 42-гадовай выкладчыцы была пачатая справа на падставе ч. 1 арт. 430 КК (атрыманне хабару), у дачыненні да яе калегі — паводле ч. 1 арт. 432 КК (пасрэдніцтва ў хабарніцтве).