Двух жыхароў Наваполацка падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў
17 траўня ў Наваполацку былі затрыманыя давераная асоба Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 году Алена Радзькова і актывіст Артур Сінега.
Паводле звестак праваабаронцаў, абодвух падазраюць на падставе артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паводле паведамленняў на інтэрнэт-каналах, Алену Радькову затрымалі раніцай, калі яна адводзіла дзіця ў садок. Сваякам з вялікімі цяжкасцямі ўдалося даведацца, што жанчыну адвезлі ў віцебскі СІЗА 2, распавяла маці Алены Радзьковай:
– Учора ледзьве знайшлі, не маглі зразумець, дзе яна, ніхто нічога не кажа. Прыехалі ў Наваполацк, нам кажуць, што яна ў Полацку. Паехалі ў Полацк, кажуць, што ў Наваполацку. Паехалі ў Наваполацк – зноўку кажуць, што ў Полацку… Я сказала, што напішу заяву пра выкраданне чалавека. Дзе мне дачку шукаць? Куды толькі не тэлефанавалі…
Найверагодней, у Віцебску трымаюць пад вартай і Артура Сінегу. Па сведчаннях ягоных сяброў, якія спасылаюцца на маці затрыманага, мае даўнія праблемы са здароўем. Абодвух затрыманых цягам 72-гадзінаў павінны ці асудзіць, ці працягнуць тэрмін затрымання дзеля даследавання па крымінальнай справе, ці адпусціць на волю.
Таксама вядома, што 17-га траўня ў Наваполацку былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек, але не вядома, што ім інкрымінуюць. У ліку затрыманых Наталля Рафянкулава, муж і жонка Юлія і Аляксандр Шэлепні, Аляксандр Бондал, Яўген Іваноўскі, імёны і прозвішчы астатніх удакладняюцца.
Беларускае Радыё Рацыя