Двум крычаўскім міліцыянтам пагражае скасаванне кантрактаў
Зварот групы міліцыянтаў у СМІ для абароны сваіх правоў праверка МУС расцаніла як парушэнне службовай этыкі. Пра гэта паведаміў Ігар Вусік — цяпер ужо былы начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі.
Ігар Вусік
У канцы красавіка — пачатку мая ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Вусік і 10 яго падначаленых звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча са скаргай на начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына і яго намесніка Васіля Ціханенку. Міліцыянеры, у прыватнасці, паведамлялі аб паборах з боку кіраўніцтва райаддзела, абразах, наўмысным стварэнні цяжкасцяў у службе.
Каментуючы сітуацыю 5 траўня, Шуневіч паведаміў, што праверка МУС выявіла „парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржніка, які з’яўляецца фігурантам гэтай праверкі”. Ён таксама паведаміў аб прызначэнні яшчэ адной праверкі — па факце распаўсюджвання ў СМІ інфармацыі з парушэннямі патрабаванняў унутраных нарматыўна-прававых актаў МУС. Шуневіч не выключыў звальнення „скаржніка” па дыскрэдытуючых акалічнасцях.
На перыяд правядзення праверкі Вусіка адхілілі ад пасады начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС, ён стаў выконваць абавязкі ўчастковага міліцыянера.
11 траўня Ігара Вусіка і ўчастковага Андрэя Шашкова, які таксама кантактаваў з журналістамі, азнаёмілі з заключэннем другой службовай праверкі. „Хадайнічаюць аб скасаванні кантракту па дыскрэдытуючых акалічнасцях. Я не меў права ніякую з вамі (СМІ.) сувязь падтрымліваць”, — расказаў Вусік, адзначыўшы, што гэта ж тычыцца і Шашкова. „Знайшлі, што мы быццам парушылі прафесійную этыку — выступілі ў СМІ і абразілі начальніка. А за тое, што нас начальнік абразіў, — яму заўвагу толькі”, — дадаў Вусік.
Паводле яго слоў, інфармацыі аб іншых дзевяці калегах, якія падпісалі зварот да кіраўніка МУС, у яго пакуль няма. Але вядома, што ім прапаноўвалі адклікаць свае подпісы, а таксама выступіць 5 траўня на афіцэрскім сходзе за выключэнне Вусіка са складу сходу. „Два дні хадзілі, угаворвалі іх супраць Вусіка галасаваць: „Вам жа працаваць, а Вусіка звольняць у любым разе”, — расказаў былы начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС.
Нягледзячы ні на што, Вусік мае намер абскардзіць сваё звальненне.
Раней УУС Магілёўскага аблвыканкама назвала інфармацыю пра канфлікт у Крычаўскім РАУС скажонай, а інтэрнэт-рэсурсы, якія распаўсюдзілі яе, — дэструктыўнымі. Што тычыцца непасрэдна начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына, на якога скардзіліся падначаленыя, то ён ад каментароў адмовіўся.