DW накіравала пратэст амбасадару Беларусі з-за затрымання Быкоўскага
Медыякампанія Deutsche Welle ў сераду, 8 жніўня, накіравала амбасадару Беларусі ў ФРГ Дзянісу Сідарэнку пратэст у сувязі з затрыманнем у Менску карэспандэнта рускай рэдакцыі DW Паўлюка Быкоўскага і запатрабавала ягонага неадкладнага вызвалення.
DW чакае, што ў дачыненні да акрэдытаваных у Беларусі журналістаў будзе прымяняцца «падыход, заснаваны на прынцыпах прававой дзяржавы», падкрэсліваецца ў дакуменце.
Міністэрства замежных спраў ФРГ заклікала ўлады Беларусі «ўстрымацца ад непрапарцыйных дзеянняў супраць журналістаў». Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Германіі, якое паступіла ў DW.
У міністэрстве звярнулі ўвагу на «шматлікія затрыманні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях».
Урад Нямеччыны заклікае «беларускі бок да прапарцыйнага падыходу ў дадзеным пытанні», пазначылі ў МЗС ФРГ. Як падкрэсліваюць у Берліне, Менск павінен «паважаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі і выказвання меркаванняў».
Улады ФРГ «працягваюць вельмі ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі на месцы», адзначаецца ў заяве.
«Свабода СМІ і меркаванняў – асноўныя прынцыпы, у абарону якіх выступае федэральны ўрад», – падкрэсліваюць у МЗС Германіі.
У аўторак, 7 жніўня, прайшлі ператрусы ў рэдакцыях навінавага партала TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Па дадзеных Следчага камітэта, аперацыя была звязана з расследаваннем справы аб незаконным доступе да платнай інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА. У той жа дзень карэспандэнт DW Паўлюк Быкоўскі ў якасці медыяэксперта каментаваў гэтыя ператрусы ў эфіры Еўрарадыё.
У сераду, 8 жніўня, да яго на кватэру прыйшлі з ператрусам са Следчага камітэта Беларусі. Як паведаміла DW жонка журналіста Вольга Быкаўская, канфіскавалі ўсю тэхніку, кампутары, планшэты, тэлефоны, флэшкі, вонкавыя пераносныя дыскі і банкаўскія карткі. Пазней карэспандэнт быў затрыманы.