Дыджэі, якія ўключылі песню „Перамен!”, асуджаныя на 10 сутак (абноўлена)
Гукарэжысёры Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі асуджаныя на 10 сутак арышту за ўключэнне ў менскім Кіеўскім скверы песні «Пераменаў!» падчас стыхійнага мітынгу апазіцыі, паведамляе Праваабарончы сайт „Вясна”.
* * *
Супрацоўнікаў Палаца дзяцей і моладзі Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія ўключылі ў Кіеўскім скверы сталіцы песню „Перамен!” Віктара Цоя, затрымалі напярэдадні вечарам і будуць судзіць, паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” кіраўнік праваабарончага цэнтра „Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак.
6 жніўня ў менскім парку Дружбы Народаў быў запланаваны агітацыйны мітынг кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак сталічныя ўлады напярэдадні мітынгу заявілі, што ў гэты час у парку будзе іншае мерапрыемства, таму агітацыйны пікет забаранілі. Людзі прыйшлі ў Кіеўскі сквер, дзе было анансаванае дзяржаўнае мерапрыемства — Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі. На гэтае мерапрыемства збіраліся прыйсці Святлана Ціханоўская з прадстаўнікамі аб’яднанага штаба Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай. Яны абвясцілі, што прыйдуць у Кіеўскі сквер а 19-й гадзіне. Блізу гэтага часу там сабралася некалькі тысяч чалавек.
Афіцыйнае мерапрыемства нечакана было перапыненае супрацоўнікамі Палаца дзяцей і моладзі, якія абслугоўвалі гукаўзмацняльную апаратуру, — яны ўключылі песню Цоя „Перамен!”.
Паводле звестак Волчака, прыкладна ў 20.20 супрацоўнікі АМАП даставілі двух маладых людзей у Цэнтральнае РУУС Менска. Іх справу будзе разглядаць суд Цэнтральнага раёна. На падставе якога артыкула, пакуль невядома. У цяперашні час для затрыманых дыджэяў шукаюць адвакатаў.