Дык якім стагоддзе таму быў той пінчук?
Бадай няма тых жыхароў Пінска, хто б выказаўся катэгарычна супраць нядаўна ўсталяванай скульптуры “Пінчук”. Кампазіцыя знаходзіцца ў гістарычным цэнтры. Аналагічных аб’ектаў вулічнага мастацтва ў старажытным Пінску амаль і няма, хіба з апошніх магчыма прыгадаць помнік хлебу, яго паставілі да абласнога хлебаробчага свята “Дажынкі-2014”. Гавораць, што ініцыятыва асабіста належыла тагачаснаму кіраўніку Берасцейшчыны Канстанціну Сумару.
Менавіта з-за недахопу такіх мастацкіх аб’ектаў жыхары горада над Пінай горача прывіталі з’яўленне скульптуры “Пінчук”. Яе аўтар творца з Берасця Аляксей Паўлючук. Ён стаў шырока вядомы дзякуючы стварэнню помніка 1000-годдзю Берасця. Паводле ягоных слоў, вобраз пінчука збіральны з літаратуры ХІХ-га пачатку ХХ-га стагоддзя. Паўлючык, між іншага, спасылаецца на нататкі з падарожжа Мікаля Ляскова.
Калі наконт самой ідэі спрэчак няма, то якраз вобраз пінчука выклікаў абмеркаванне. Таму звернемся да некаторых крыніц, якія добра адлюстроўваюць сутнасць жыхара Пінска.
Мастак Аляксей Паўлючук і дырэктар Музея Беларускага Палесся Ірына Дземчук
Мікалай Ляскоў (1831-1895) – расейскі пісьменнік, публіцыст. У 1862 годзе супрацоўнік палітычна-літаратурнай газеты “Паўночная пчала”. Тады Мікалай Ляскоў у суправаджэнні калегі Вінцэнта Каратынскага здзейсніў падарожжа па Паўночна-Заходнім краі. Так у Расейскай імперыі называлі тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага, сэрцам якіх з’яўлялася сучасная Літва і Беларусь. Ляскоў апублікаваў серыю артыкулаў пад назвай “З аднаго дарожнага дзённіка”. Асаблівае месца заняў Пінск.
(…) Жыхары Пінска цікавыя яшчэ ледзь не больш, чым сам Пінск. Зрэшты, яны менавіта як бы створаны адзін для аднаго: і Пінск без пінчукоў, і пінчукі без Пінска проста, здаецца, нават немагчыма сабе ўявіць. Яны самі гэта як быццам адчуваюць. Пінчук-прасталюдзін не хоча, каб яго лічылі маларосам, літвінам або палякам; яго не гукайце “чалавеча!”, як клічуць незнаёмага чалавека ў Маларосіі, ён поўнасцю сур’ёзна адказвае: “Я не чалавек, я пынчук”… Можна сказаць, што сельскі народ на Піншчыне даволі працавіты, сардэчны і нязлобны. Аб здольнасцях і працавітасці пінчукоў нейкім чынам можна судзіць па разнастайнасці промыслаў, развітых ў краі, а аб характары збольшага можна скласці паняцце па тым, як ідзе тут сялянская справа…
Пінчукі, 1934 год, фота Луіза Арнер Бойд
Дзмітрый Булгакоўскі (1843-пасля 1918) – расейскі праваслаўны святар, гісторык і пісьменнік. У 1870-1875 гадах служыў у Пінскай праваслаўнай епархіі. Назіраў за звычаямі і ладам палешукоў. Уласныя нататкі ўклаў у 1890 годзе ў зборнік “Пінчукі”. Выданне высока ацанілі ў навуковых колах і назвалі адной з лепшых этнаграфічных кніг. “Пінчукі” Булгакоўскага ўвабралі ў сябе 257 разнастайных па змесце песняў з характарыстыкай і заўвагамі па іх асаблівасцях і мове, 210 загадак з адгадкамі і 65 прыказак і прымавак.
(…) Пінчукі, яны ж і Палешукі, жыхары Пінскага павета, Менскай губерні, якая ўваходзіць у склад Паўночна-Заходняга краю, адрозніваюцца ад усіх іншых жыхароў гэтай ўскраіны сваімі бытавымі асаблівасцямі, а яшчэ больш мовай. Цяперашні жывы гоман Пінчука і помнікі моўнай творчасці іх даўніны сведчаць пра тое, што яны далёка не ў такой ступені падпалі ўплыву чужых элементаў, як іншыя жыхары Менскай губерні і наогул Паўночна-Заходняга краю. Сама мясцовасць, акружаная лясамі і непраходнымі балотамі, робіць іх нерухомымі і замкнёнымі ў саміх сябе, прывучыла Пінчука недаверліва ставіцца да ўсяго, што ляжыць за межамі іх лясоў і багнаў. Пабываць у павятовым горадзе – гэта цэлая падзея для Пінчука на ўсё яго жыццё. Губернскі ж горад Менск Пінчукі лічаць ўжо “паганай Літвой”, дзе, па іх уяўленнях, жывуць ляхі-каталікі. Дзякуючы гэтай самотнасці і замкнёнасці Пінчукі ў цэласці збераглі старажытна-славянскі тып. Яны не хочуць інтэграцыі, іх архаічны ўклад цалкам задавальняе ўсё, а што далей Палесся – выклікае недавер альбо ўспрымаецца з насмешкай. Нібы асобная цывілізацыя…
Жыхары Пінскага Палесся, 1934 год, фота Луіза Арнер Бойд
Луіза Арнер Бойд (1887-1972) – легендарная амерыканская вандроўніца. У 1936-37 гадах выдала ў заходнім друку артыкул “Пінскія балоты” і зборнік у Нью-Ёрку “Польская правінцыя”, якія аздобіла сотняй здымкаў, зробленых на Палессі ў ходзе восеньскай экспедыцыі 1934 года. Па сутнасці, гэта было знаёмства Захаду з беларускім Палессем, адкрыццё свету самабытнасці і прыгажосці краю.
(…) Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар, які розніць іх ад жыхароў іншых мясцін, дзе калі-небудзь ступала нага чалавека. У якой частцы свету яны б ні знаходзіліся… У дажджлівыя і халодныя дні ў пачатку кастрычніка многія мужыкі носяць кажухі з аўчыны, зразумела, хатняй работы… Большасць мужчын носіць даматканыя ільняныя альбо ваўняныя нагавіцы. Некаторыя ходзяць боса; іншыя носяць лапці з лыкавай кары, намотваючы на ногі анучы замест шкарпэтак (нідзе не бачыла жанчын, якія б вязалі шкарпэткі ці панчохі). Найбольш заможныя носяць скураныя боты, якія таксама прадаюцца на рынку. Шапкі – пераважна валеныя з воўны альбо сшытыя з чорнай аўчыны. Жанчыны звычайна апранаюцца ў вопратку, сшытую са зрэбнай тканіны альбо з набытага ў Пінску баваўнянага матэрыялу яркіх расфарбовак ці зусім цёмнага, аднакаляровага. Многія з іх носяць прыгожыя хусткі. Часта сустракаюцца ільняныя даматканыя фартухі. Некаторыя жанчыны ходзяць басанож, другія носяць лапці, іншыя – доўгія да калена скураныя боты, альбо высокія чаравікі. Гэтак жа, як і мужчыны, яны зграбныя, прастадушныя і прыязныя…
Палешукі, 1934 год, фота Луіза Арнер Бойд
Вось такія тыя пінчукі. Што засталося ад іх цяпер, наколькі сучасныя жыхары “краіны багнаў” адпавядаюць той унікальнасці і непадабенству да іншых жыхароў Беларусі – трэба прыехаць у сталіцу Палесся ды паглядзець.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск