Дыктоўка па вершах Ларысы Геніюш
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл правялі першую ў Слоніме дыктоўку, прысвечаную Міжнароднаму Дню роднай мовы. Дыктоўку чытаў мастак-іканапісец з вёсцы Жыровічы Уладзімір Кавальчук.
Па яго словах сёлета ў траўні праваслаўная Беларусь адзначыць 550-годдзе Жыровіцкай Іконы Божай Маці і 500-годдзе Жыровіцкага манастыра. Таму да гэтай даты і Дня роднай мовы было разам вырашана напісаць дыктоўку па вершах Ларысы Геніюш. Для дыктоўкі быў абраны верш паэткі «Жыровічы». Памятаеце, ён пачынаецца радкамі:
Прыехаць у Жырова лёс мне выпаў, Дождж хрысціць голаў грэшную маю…
Пасля дыктоўкі Уладзімір Кавальчук распавёў пра тое, як Жыровічы рыхтуюцца да юбілею і ці будзе гучаць родная мова падчас юбілейных урачыстасцяў. Сябры згуртавання абмеркавалі і шэраг іншых пытанняў, звязаных са станам роднай мовы і ўшанаваннем знакамітых землякоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара