Дыпламаты наведаюць пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС раёны Беларусі



13—14 верасня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі і пры падтрымцы МЗС арганізуе візіт кіраўнікоў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі, у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-офісе прадстаўніцтва ПРААН, мерапрыемства праводзіцца з мэтай прыцягнення міжнароднага садзейнічання і інвестыцый для ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў Беларусі, азнаямлення з дзейнасцю дзяржавы і міжнароднымі праграмамі па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама эканамічным патэнцыялам пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі тэрыторый.

Запланаванае наведванне помніка Смутку ў Хойніках (Гомельская вобласць), аднаго з паспяховых прадпрыемстваў горада ААТ „Мілкавіта”, Стрэлічэўскай сярэдняй школы, у якой вядзецца праца па навучанні асновам радыяцыйнай бяспекі, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, а таксама шэраг іншых аб’ектаў рэгіёна.

Ключавым мерапрыемствам другога дня візіту стане круглы стол „Устойлівае развіццё пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў”. Удзельнікі круглага стала прадставяць вынікі дзейнасці мясцовых органаў улады, а таксама агенцтваў сістэмы ААН і іншых міжнародных арганізацый, падтрыманых донарскай супольнасцю, уключаючы Еўразвяз і Глабальны экалагічны фонд, па аднаўленні і ўстойлівым развіцці рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Важным аспектам дыскусіі на круглым стале стануць пытанні развіцця чалавечага, эканамічнага і экалагічнага патэнцыялу рэгіёнаў, а таксама асноўныя прыярытэты ўстойлівага развіцця гэтых раёнаў з улікам патрэбаў найбольш уразлівых груп насельніцтва.

Чакаецца, што вынікі візіту дазволяць скаардынаваць дзейнасць зацікаўленых бакоў па ўстойлівым развіцці пацярпелых тэрыторый, а таксама закладуць асновы для новых партнёрстваў, падсумавалі ў прэс-офісе прадстаўніцтва ПРААН.  БелаПАН