Дырэктар Лідскага аўтапарка лічыць георгіеўскую стужку сімвалам яднання
Грамадскі актывіст Лідчыны Валер Мінец звярнуўся лістом да дырэктара Лідскага аўтапарку №2 з нагоды выкарыстання некаторымі кіроўцамі гэтага парку георгіеўскай стужкі на дзяржаўным транспарце. Валер Мінец звяртаў увагу кіраўніцтва аўтапарку на неправамоцнасць выкарыстання гэтай сімволікі і, як мінімум, на ідэалагічную супярэчнасць георгіеўскай стужкі каштоўнасцям Рэспублікі Беларусь.
Грамадскі актывіст атрымаў з аўтапарку адказ за подпісам дырэктара Андрэя Лапуця. Пра гэта Валер Мінец паведаміў у сваім фэйсбуку. Прызнаючы ў пэўным сэнсе рацыю звароту ў сэнсе бяспекі на грамадскім транспарце, дырэктар Андрэй Лапуць выдаў проста шэдэўр эпісталярнага жанру, абгрунтоўваючы вартасць георгіеўскай стужкі. Гэты абзац варты даслоўнага цытавання:
„Ваша сцвярджэння наконт супярэчлівасці сімвала не адпавядае існуючай рэчаіснасці, таму што на падставе дагавора аб саюзнай Дзяржаве паміж Расійскай федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, якраз дадзеная сімволіка спрыяе аб’яднанню грамадскай супольнасці абодвух дзяржаў і з’яўляецца прыкметай талерантнасці да сімвалаў саюзнай дзяржавы”.
Беларускае Радыё Рацыя