Дырэктар салігорскага прадпрыемства абвешчаны ў міжнародны вышук



Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта на падставе матэрыялаў міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў пачаў крымінальную справу ў дачыненні да службовай асобы, якая абвінавачваецца ў наўмысным банкруцтве падкантрольнай камерцыйнай арганізацыі.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Менскай вобласці Таццяна Беланог, згодна са звесткамі следства, абвінавачаны, з’яўляючыся дырэктарам і акцыянерам прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці, з мэтай нявыплаты крэдыторскай запазычанасці наўмысна зрабіў фірму неплацежаздольнай. Не жадаючы ажыццяўляць аплаты, у тым ліку ў дачыненні да дзяржарганізацый, адчужаў маёмасць узначаленага прадпрыемства шляхам заключэння на загадзя нявыгадных ўмовах дагавораў куплі-продажу з падкантрольнымі юрыдычнымі асобамі.

Рэалізаваўшы працэс адчужэння актываў (абсталяванне, станкі і іншая маёмасць), абвінавачаны тым самым павялічыў неплацежаздольнасць фірмы на 95 тыс. рублёў. У выніку супрацьпраўных дзеянняў прадпрыемства было прызнанае банкрутам, а крэдыторам нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.

Па крымінальнай справе ажыццяўляецца збор доказнай базы, у тым ліку праводзяцца вобыскі, дапытваюцца сведкі, прызначаныя экспертызы фінансава-эканамічнай дзейнасці. Следствам прынятыя меры па канфіскацыі часткі адчужаных актываў больш чым як 100 тыс. рублёў.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя следствам на падставе ч. 2 арт. 240 КК (наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць).

Зараз месцазнаходжанне абвінавачанага высвятляецца. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук.

belapan.com