Дырэктар школы ў Капылі пагражае вучню з-за „Пагоні”
З-за выявы „Пагоні” дзесяцікласніка Алега Занкевіча выклікалі да дырэктара і пагражалі „праблемамі”. Пра гэта школьнік распавёў у каментары сайту Хартыя 97.
Паводле яго слоў, кіраўніцтва навучальнай установы патрабуе выдаліць старонку ў сацыяльнай сетцы, на якой настаўнікі заўважылі гістарычны герб Беларусі і пагражае пастаноўкай сям’і на ўлік як „сацыяльна небяспечнай”.
Алег Занкевіч навучаецца ў 10 класе сярэдняй школы №2 горада Капыля. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы „ВКонтакте” намаляваны герб „Пагоня”.
З-за гэтага яго з маці выклікалі да дырэктара школы Дзмітрыя Рамановіча. Ён запатрабаваў, каб школьнік выдаліў старонку і сцвярджаў, што карцінка з выявай „Пагоні” – супрацьзаконная. Алег Занкевіч адказаў, што герб уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Прысутнічаў таксама супрацоўнік міліцыі – капітан з мясцовага РАУС. Ён сказаў, што школьнік „нажыў сабе праблем на галаву”. Маці ён растлумачыў, што ніякіх супрацьзаконных дзеянняў школьнік не здзейсніў, але за ім „будуць назіраць”.
