Дырэктарка школы: Зараз буду казаць — я!



З усіх куткоў краіны паступае інфармацыя пра нядопуск назіральнікаў на ўчасткі для галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Telegram-каналы публікуюць лісты з інфармацыяй пра тое, што такіх назіральнікаў называюць «дэструктыўнымі». Старшыні абласных выбарчых камісіяў у каментарах гэта абвяргаюць, аднак назіральнікі працягваюць сутыкацца з нядопускам на ўчасткі. Падобная сітуацыя адбылася і на ўчастку №32, што месціцца ў 16-й школе горада Берасця. «Удзельнічаю ў назіранні другі раз і гэтым разам усё значна горш», – кажа назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Таццяна:

– Чальцы выбарчай камісіі і асабліва старшыня не дапускае да назірання – ні ў будынку, ні на тэрыторыі школы.

РР: А на падставе чаго яны адмаўляюць?

– Яна дырэктар і яна так вырашыла.

РР: І ніякіх папераў не паказвае?

– Не, нічога. У мяне ёсць нават аўдыёзапіс.

А вось і фрагмент аўдыёзапісу размовы з дырэктарам згаданай школы, прадстаўлены адным з назіральнікаў з дадзенага ўчастка для галасавання:

Дырэктарка школы: Што вы будзеце рабіць у школе?

Назіральніца: Я буду лічыць людзей, якія прыходзяць галасаваць.

Дырэктарка школы: На тэрыторыі школы рашэнне прымае дырэктар, і я вам кажу, што старонніх людзей на тэрыторыі школы не будзе. Вы не маці нашага школьніка.

Назіральніца: Я назіральнік.

Дырэктарка школы: На нашым участку знаходзіцца тры назіральнікі. Калі вы хочаце пабачыць графік, вось ён. І яшчэ раз скажу: на тэрыторыі школы ў мяне не будзе старонніх людзей. Хочаце скардзіцца – скардзіцеся. Рабіце, што хочаце. У мяне ёсць тры назіральнікі і вы туды не зойдзеце. Вы былі на апламбаванні скрыняў, былі, і не трэба мяне пужаць. Я вытрымаю ваш напор. Зараз буду казаць – я!

«Гэта абмяжоўвае правы нашых грамадзян, правы назіральнікаў, якія гарантаваны Канстытуцыяй і Выбарчым Кодэксам», – рэзюмуюць праваабаронцы.

Беларускае Радыё Рацыя