Леўшыну і Наважылава абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання»



Свабодзе стала вядома, што дырэктарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай і былому кіраўніку кампаніі Дзмітрыю Наважылаву прад’явілі новыя абвінавачанні — у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Абое ў менскім СІЗА з 18 жніўня.

За «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

18 жніўня Леўшыну і Наважылава затрымалі нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Пазней Следчы камітэт заявіў, што іх абвінавачваюць ва «ўхіленні ад сплаты падаткаў» (артыкул 243 КК).

Свабодзе стала вядома, што таксама ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» абвінавацілі медыяменэджара Андрэя Аляксандрава. Ён у турме з 27 студзеня 2021 году. Аляксандрава абвінавачваюць у:

арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 342)
ухіленні ад сплаты падаткаў (артыкул 243)
здрадзе Радзіме (артыкул 356).
Цяпер яшчэ дадаўся артыкул 361–1 КК.

БелаПАН — найстарэйшае ў Беларусі незалежнае інфармацыйнае агенцтва. Яно працавала з 1991 году.

15 лістапада 2021 году з сайта МУС стала вядома, што 1 лістапада КДБ прызнаў БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваннем». Спецслужба патлумачыла, што «група грамадзян зь ліку супрацоўнікаў БелаПАН ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць». Лагатып у выглядзе надпіса «БелаПАН» і вершніка з мячом на кані КДБ таксама прызнаў экстрэмісцкім.

svaboda.org