Дырэктарку “Польскай школы” ў Берасці затрымалі пасля вяртання ў Беларусь



12 сакавіка затрымалі дырэктарку берасцейскай арганізацыі „Польская школа” Ганну Панішаву, якая вярнулася ў Беларусь з Польшчы. 

Як піша TUT.by, жанчына вярталася з Польшчы на аўтобусе і мусіла прыбыць у 1:20. На цяперашні момант яе тэлефон недаступны. Затое ў тэлеграм-канале БТ з’явілася відэа затрыманай Панішавай у кайданках.

Днём раней у Берасці быў затрыманы адзін з сузаснавальнікаў „Польскай школы”. Паводле заявы пракуратуры, затрыманне адбылося ў рамках крымінальнай справы аб гераізацыі ваенных злачынцаў. Гэтую справу пачалі ў сувязі са святкаваннем „Дня выклятых жаўнераў”, якое адбылося 28 лютага з удзелам польскага консула ў Берасці Ежы Цімафеюка. Гэты дзень – афіцыйнае свята ў Польшчы. Консулу Цімафеюку, а таксама кіраўніку і консулу Генеральнага консульства Польшчы ў Гародні беларускае МЗС дало 48 гадзін на тое, каб пакінуць Беларусь.

Фота: скрыншот з відэа