Дыскрымінацыя беларускай мовы па-гарадзенску
Яшчэ адна беларускамоўная шыльда знятая з дзяржаўнай установы Гародні. Сябры Таварыства Беларускай мовы адзначаюць, што цяпер у візуальным афармленні дзяржаўных устаноў поўная дыскрымінацыя беларусаў паводле мовы.
З гэтай праблемай ужо неаднойчы звярталіся сябры Таварыства Беларускай мовы да чыноўнікаў вобласьці. Кажа Аляксандар Місьцюкевіч, сябра абласной рады ТБМ.
– На новых дзяржаўных установах і новых будынках шыльды выключна рускамоўныя. Хоць на старых будынках былі і па-руску, і па-беларуску. І саме дзіўнае, што зараз адбываецца, са старых будынкаў, дзе былі дзьвухмоўныя шыльды, беларускамоўныя пачалі здымаць. Калі мы глянем на будынак Інспекцыі па падатках і зборах, то рускамоўная шыльда засталася, а замест беларускамоўнай – толькі дзіркі ў сцяне.
Пасля сустрэчы з чыноўнікам Паўлам Скрабко, які абяцаў выправіць сітуацыю з беларускім афармленнем дзяржаўных устаноў, нічога не змянілася.
На сустрэчу са старшынём аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым сябры Таварыства беларускай мовы не былі дапушчаны.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара