«Нулявы даклад» пра стан людзей з інваліднасцю ў Беларусі (абноўлена)
Як вядома, 28 верасня Рэспубліка Беларусь нарэшце падпісала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Але, як лічаць у грамадскіх арганізацыях, што аб’ядноўваюць людзей з інваліднасцю, час да ратыфікацыі Канвенцыі трэба запоўніць практычнымі дзеяннямі як з боку дзяржавы, так і з боку НДА. Дзеля гэтага шэраг грамадскіх арганізацый падпіша 3 студзеня адмысловы Мемарандум, якім зацвярджаецца стварэнне «нулявога дакладу», які дакументальна зафіксуе стан з правамі інвалідаў на момант падпісання Канвенцыі.
Кажа Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасцю:
– Мы хацелі б правесці ўсю працу да 5 траўня і прадставіць грамадскасці “нулявы даклад” з боку грамадзянскай супольнасці пра стан і выкананне правоў чалавека ў адносінах да людзей з інваліднасцю. 5 траўня і 3 снежня сусветная грамадскасць адзначае Дзень абароны правоў людзей з інваліднасцю.
Арганізацыі-падпісанты Мемарандума лічаць, што «нулявы даклад» дапаможа больш якасна ацаніць стан беларускага грамадства і дзяржавы, цяжкасцяў, што маюцца, і рэсурсаў дзеля імплементацыі і выканання нормаў Канвенцыі аб правах інвалідаў.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Інваліды ў Беларусі застаюцца самымі дыскрымінаванымі грамадзянамі краіны. Канвенцыя Генеральнай Асамблеі ААН „Аб правах інвалідаў” была падпісана і нашай краінай, але за дзесяцігоддзі беларускай незалежнасці ў нас нічога не змянілася. Кажа Антон Сьвёкла, адзін з ініцыятараў стварэння гарадзенскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў:
– Інвалідам патрэбныя такія ж правы, як і астатнім грамадзянам краіны. Дзяржава, якая падпісвае дадзеную Канвенцыю, мусіць выконваць гэтыя палажэнні аб прававой абароне інвалідаў у грамадстве. У нас інвалідаў дыскрымінуюць. І гэтая дыскрымінацыя адбываецца на ўсіх узроўнях, дзе за інваліда заўсёды нехта вырашае.
У Беларусі інваліды адарваныя ад жыцця. Безбар’ернае асяроддзе не створана, рэдкія выпадкі – прыватная ініцыятыва камерцыйных устаноў – толькі выключэнне з правілаў. Інвалідам немагчыма без праблемаў набыць аўтамабілі з ручным кіраваннем, атрымаць правы на кіраванне, мець камфортныя магчымасці прайсці медкамісію.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота kamchatka.aif.ru