Дыскрымінацыя, прапісаная ў заканадаўстве Беларусі



З пачаткам навучальнага года вялікая колькасць людзей з інваліднасцю ў Беларусі дыскрымінуецца на падставе таго, што іх не дапускаюць да паступлення на шматлікія спецыяльнасці як сярэдніх, так і вышэйшых навучальных установаў. Вялікую ролю граюць рашэнні Медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК), якая дае дазвол на навучанне.

Часта рашэнні МРЭК нелагічныя, кажа Надзея, дзяўчына з інваліднасцю па зроку:

– МРЭК дала толькі дзве спецыяльнасці на якія я магу паступаць пасля 9-га класа – гэта былі юрыспрудэнцыя і выкладчык дашкольнай адукацыі. Я вырашыла, што лепей юрыспрудэнцыя, але калі я ўжо хацела працягнуць сваю адукацыю ў вышэйшай навучальнай установе, то ў тым жа МРЭК мне адказалі, што яны не могуць даць дазволу на атрыманне вышэйшай адукацыі таму, што не хапае майго зроку для гэтага. Маё здароўе не змянілася за гэтыя гады, у іх проста нейкія „дапатопныя” інструкцыі, можа з савецкага часу засталіся, калі яны дазваляюць атрымліваць сярэднюю адукацыю, але вышэйшую ўжо нельга.

Праблемы звязаныя з доступам да адукацыі людзей з інваліднасцю — адна з частых прычынаў звароту ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю па дапамогу, кажа яго юрыст Алег Граблеўскі. Існаванне “МРЭКаўскіх забаронаў” на навучанне па тых ці іншых спецыяльнасцях — гэта дыскрымінацыя, якая тым не менш наўпрост прапісана ў беларускім заканадаўстве.

Беларускае Радыё Рацыя