Дыскусіі пра рэформы ў беларускай адукацыі



Рэформу сістэмы вышэйшай адукацыі абмяркоўваюць у Менску. Больш за год таму наша краіна далучылася да Балонскага працэсу ды ўвайшла ў Еўрапейскую адукацыйную прастору. Аднак, эксперты адзначаюць, што за год дзяржава практычна не зрабіла крокаў да рэформаў. Акадэмічныя правы, студэнцкае самакіраванне і змяншэнне палітызаванасці ва ўніверсітэтах – пакуль што недасяжныя. “Хоць мы даўно гатовыя дапамагчы ў правядзенні рэформаў,” – гаворыць прафесар – Уладзімір Дунаеў:

– Канешне, вынікі пакуль несуцяшальныя. Мы паказалі тут вынікі маніторынгу, індэкс імплементацыі, ён пакуль што вельмі нізкі і зусім няшмат адрозніваецца ад 0. Часу застаецца мала, а вынікаў пакуль няма.

“Нават прыхільнікі рэформаў унутры дзяржавы сустракаюць падвойны ўнутраны супраціў,” – дадаў прафесар Уладзімір Дунаеў. Удзел у канферэнцыі бяруць прадстаўнікі Грузіі, Азербайджану, Арменіі, Францыі ды іншых краін. Лёс удзелу Беларусі ў Балонскім працэсе вырашыцца на адмысловай канферэнцыі ў 2018 годзе.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск