Дыялог магчымы
Дыялог па прафесійнай этыцы ў беларускіх журналістаў магчымы. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі дзвюх буйнейшых журналісціх арганізацый – незалежнай Беларускай асацыяцыі журналістаў і праўладнага Беларускага cаюза журналістаў.
Дзякуючы сумеснай канферэнцыі, якая праводзілася пры дапамозе шведскіх калег, удалося намацаць крокі да супрацоўніцтва, кажа старшыня камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў:
– Яшчэ адна праблема, якая вырашаецца ў рамках гэтага праекта і ў тым ліку ў рамках гэтай канферэнцыі, супрацоўніцтва паміж калегамі, паміж Беларускай асацыяцыяй журналістаў і паміж Беларускім саюзам журналістаў. Мы калегі і ў нас адна прафесія, мы доўгі час не надта разумелі адно аднаго, мы не давяралі адно аднаму. А гэты праект, які працягваецца ўжо не першы год, ён дапамог нам болей разумець, у якіх умовах працуюць нашы калегі, у якіх умовах працуем мы, што мы не так бачым, што яны не так бачаць.
Удзельнікі канферэнцыі сумесна абмеркавалі таксама такія тэмы, як цэнзура ў інтэрнэце, стандарты журналістыкі ва ўмовах канфліктаў, аўтарскае права і самарэгуляванне СМІ. У канферэнцыі бралі ўдзел і замежныя эксперты.
Беларускае Радыё Рацыя