Дзе можна прайсці альтэрнатыўную службу?



Урад вызначыў парадак прыёму на альтэрнатыўную службу і ўмовы яе арганізацыі. Праходзіць альтэрнатыўную службу беларусы будуць у арганізацыях аховы здароўя, жыллёва-камунальнай, лясной і сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, арганізацыях, якія займаюцца ўпарадкаваннем тэрыторый, у органах і падраздзяленнях МНС. Таксама «альтэрнатыўшчыкаў» будуць прыцягваць да рамонту чыгуначных шляхоў і аўтадарог.

Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 18 красавіка, патрабаванні да стану здароўя грамадзянаў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, будуць такімі ж, як і патрабаванні да здароўя асобаў, якія праходзяць ваенную службу і службу ў рэзерве. Для асобаў з вышэйшай адукацыяй тэрмін службы складзе 24 месяцы, без вышэйшай адукацыі – 36 месяцаў. Выбраць альтэрнатыўную службу змогуць тыя, хто не можа прымаць прысягу і насіць зброю з-за рэлігійных перакананняў. Тэрмін альтэрнатыўнай службы будзе залічвацца ў стаж працы. Пастанова ўрада ўступае ў сілу з 1 ліпеня.

Паводле Белапан

Фота news.tut.by