Дзе не могуць працаваць людзі з інваліднасцю?



У Беларусі дагэтуль існуе спіс дазволеных прафесій для людзей з інваліднасцю. Гэта азначае, што па большасці прафесій ды спецыяльнасцяў чалавек з інваліднасцю не можа працаваць ці трапіць на навучанне. Стандарты МРЭК (медыка-рэабілітацыйнай камісіі) складаліся ў 1970-е гады, але выкарыстоўваюцца і сёння.

Адным з тых, каму прыйшлося прайсці шлях змагання з МРЭКам — гэта Маіс Міракян. Яму 24 гады, калісьці ён праходзіў шматлікія камісіі, каб паступіць на факультэт журналістыкі ў Менску:

– Камісію МРЭК можна праходзіць некалькі месяцаў. Не ўсе даходзяць да апошняй камісіі, бо некаторых заварочваюць на шляху. Мяне, напрыклад, ледзь не завярнуў кардыёлаг. У мяне ніколі не было ніякіх праблем з сэрцам, апрача таго, што ў мяне заўжды вельмі высокі пульс. Гэта не мае дачынення да маёй хваробы – гэта мне перадалося ад бацькі, але ў гэтым было вельмі цяжка пераканаць кардыёлага. Ён казаў: „Ты будзеш працаваць над рэпартажам і памрэш”.

Журналістыкі ў спісе дазволеных для людзей з ДЦП у спісе не было, але былі такія пазіцыі, якія ўразілі Маіса:

– Мне прапанавалі быць зборшчыкам лазы. Я не ведаю, дзе і якую лазу збіраюць гэтыя людзі. Я магу ўявіць, што гэта напэўна цяжкая фізічная праца. Не ведаю, але мне вельмі цікава, я б з радасцю пагутарыў са зборшчыкам лазы.

Існаванне спісу забароненых для людзей з інваліднасцю прафесій — гэта пазбаўленне права на адукацыю, якое павінна быць у кожнага чалавека згодна з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск