Дзе ў Беларусі найбольш прыхільнікаў ядзернай энергетыкі?
Найбольшы працэнт прыхільнікаў ядзернай энергетыкі ў 2015 годзе зафіксаваны ў Астраўцы, у раёне якога і будуецца Беларуская атамная электрастанцыя. 70% жыхароў раёна падтрымліваюць яе будаўніцтва, супраць – каля 8%. Гэтыя лічбы прывяла навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Мешчаракова на круглым стале ў рамках выставы «Атамэкспа-Беларусь 2016».
Каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі з Астравеччыны Мікалай Уласевіч лічыць прыведзеныя лічбы відавочна завышанымі:
– Не чуў, каб нейкія апытанні тут праводзіліся. Адкуль яны гэтыя лічбы бяруць? На Астравеччыне розныя думкі ёсць у людзей. Прыязджалі замежныя карэспандэнты, якія рабілі апытанне на вуліцы. Яны кажуць, што ёсць як за так і супраць будаўніцтва. Я лічу, што большасць людзей проста абыякава адносяцца да гэтага. І яны не думаюць, што іхнае меркаванне можа быць улічанае. І таму яны проста маўчаць.
Сацыёлагі з НАН тым часам рапартуюць аб тым, што ў Астраўцы з’явіўся інфармацыйны цэнтр па Атамнай электрастанцыі, дзе «людзі могуць атрымаць дадатковую інфармацыю. Жадаючых з’ехаць з Астравецкага раёна, паводле дадзеных Акадэміі навук, сёння практычна няма.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kraj.by