Дзе ўсё ж перапахаваюць парэшткі Каліноўскага? (абноўлена)



Перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Нягледзячы на актыўнасць беларускіх палітыкаў, літаратараў, грамадскіх дзеячаў, якія апошнім часам уздымаюць пытанне, дзе менавіта павінен быць пахаваны кіраўнік паўстання 1863 года, афіцыйны Менск працягвае маўчанне.

Маўчаннем уладаў суправаджалася таксама эксгумацыя і ідэнтыфікацыя парэшткаў паўстанцаў з Замкавай гары.

Аднак прэс-сакратар беларускай амбасады ў Літве Павел Слюнкін запэўніў, што беларускі афіцыйны бок быў уключаны ў справу раскопак з самага пачатку:

– Беларускае пасольства займалася пытаннем  парэшткаў, якія былі знойдзеныя на гары Гедыміна, з 2017 года. Пачынаючы з таго моманту, як літоўскія навукоўцы сказалі што, магчыма, гэта парэшткі з таго часу там, з ХІХ стагоддзя, што магчыма там знаходзяцца і парэшткі Каліноўскага, вось з таго часу Беларускае пасольства проста выконвала сваю працу. Мы сустракаліся з літоўскім бокам і гэтай тэмай займаліся.

У сталіцы Літвы тэма перапахавання парэшткаў паўстанцаў уздымаецца ўладамі. Неабыякавасць да яе выказалі і арганізатары кангрэса даследчыкаў Беларусі, які зараз праходзіць у Вільні.

Кажа доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч:

– Сапраўды, рэакцыя беларускай грамадскасці была вельмі неадназначная. Узнікла вялікая колькасць рознага разумення таго, ці варта гэта рабіць. Што цікава, гэта датычацца не толькі канкрэтна Каліноўскага, але гэта паказвае наколькі рознае разуменне спадчыны ўвогуле ў Беларусі, колькі рознага разумення гісторыі і што трэба рабіць з гісторыяй. Праз дыскусію паспрабуем знайсці, калі не кансэнсус, то, прынамсі, падыйсці значна больш да ўзаемнага разумення.

Дыскусія з удзелам усіх зацікаўленых гэтай праблемай адбудзецца ў суботу 28 верасня вечарам у Віленскай ратушы.

***

Пытанне пра перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага атрымала вялікі рэзананс у Беларусі. Вядомыя беларускія дзеячы, навукоўцы, палітыкі, літаратары падзяліліся на тых, хто імкнецца, каб парэшткі Каліноўскага былі перададзеныя для перапахавання ў Беларусь. І тых, хто ўпэўнены, што Віленская Роса ёсць адпаведным месцам для спачыну кіраўніка паўстання 1863 года ў Літве і Беларусі.

Сярод апошніх і прафесар Алесь Смалянчук, які ўдзельнічаў у археалагічных працах на Замкавай гары ў Вільні:

– Я лічу, што сённяшняя Беларусь не ўшануе памяць Каліноўскага. Сённяшняя Беларусь з яе дзяржаўнай палітыкай, абсалютна з антынацыянальнай заходне-расейскай, зробіць усё, каб знявечыць тое, што мы знайшлі на Замкавай гары. Я катэгарычна супраць самой ідэі перапахавання ў Беларусі. Калі б Беларусь была іншай, я быў бы – за. Нельга даваць «лукашэнкаўцам» у рукі, а менавіта яны будуць вырашаць лёс пахавання. Нельга аддаваць парэшткі такога чалавека як Каліноўскі.

Гісторык, прафесар Алег Трусаў у ліку тых беларусаў, што падпісалі зварот да літоўскіх уладаў з просьбай аддаць парэшткі Каліноўскага ў Беларусь:

– Зараз сітуацыя вельмі хітрая. Да нас звярнуліся літоўскія дэпутаты, каб мы не падпісалі, што б сказалі: ды не трэба і па-беларуску і шыльды пісаць. Калі літоўскі ўрад дадумае звярнуцца да Лукашэнкі, то ён апынаецца ў галёшах. Калі ён адмовіцца ад парэшткаў Каліноўскага, тады хто ён – гэты герой – польскі? Таму я лічу так, што калі літоўскі ўрад афіцыйна прапануе нашаму ўраду, то нашаму ўраду няма як адмовіцца. А дзе пахаваць  – мы знойдзем.

Тэме перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага будзе прысвечаная дыскусія ў рамках VIII Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, якая адбудзецца 28 верасня ўвечары.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя