Дзейнасць журналістаў-фрылансераў абмяжуюць?
У беларускае заканадаўства могуць унесці змяненні адносна дзейнасці журналістаў-фрылансераў. Пра гэта паведаміў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ. Самі журналісты-фрылансеры да такой увагі дзяржавы ставяцца скептычна.
Гомельскі відэа-аператар Кастусь Жукоўскі лічыць, што ніякага прававога рэгулявання працы фрылансераў не павінна быць у прынцыпе:
– Галоўнае на парушаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Заключаю дамову з тымі агенцтвамі, якія выбіраю я, працаваць вольна, і ўмова галоўная – плаці падатак у Беларусі і ўсё. Якія яшчэ могуць быць размовы пра працу фрылансам? Працуй у межах Канстытуцыі і плаці падатак.
Журналіст Андрэй Толчын лічыць, што ўлады зацікавіліся працай фрылансераў па некалькіх прычынах:
– Зараз у рэжыма наступілі крытычныя дні, бо ўжо грошай няма. Будзе незадавальненне людзей, грамадства, а фрылансер будзе яго выражаць. Яны гэтага баяцца, і па-другое, на маю думку, ёсць тактычная мэта, гэта тое, што будуць праводзіць нейкі рэферэндум. Магчыма ён будзе вельмі небяспечны для беларускай незалежнасці.
Прававы статус журналістаў-фрылансераў ніяк не адлюстраваны ў беларускім заканадаўстве. Ня гледзячы на гэта, гэтых прадстаўнікоў журналісцкага цэху пераследуюць па адміністрацыйным артыкуле 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель