Дзейнічае забарона на наведванне лясоў



Забарона на наведванне лясоў працягвае дзейнічаць у 71 раёне Беларусі. Пра гэта паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі краіны. Сярод іх і ўсе раёны Берасцейскай вобласці, дзе ў сувязі з пажаранебяспечнай абстаноўкай мясцовае аддзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць у тым ліку і прафілактычную работу:

– На тэрыторыі вобласці ўведзеная забарона на наведванне лясоў. За парушэнне забароны прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 25 базавых велічыняў.

У самім Берасці ў ноч з 20 на 21 красавіка адчуваўся ўстойлівы пах дыму. Двума днямі раней мясцовы відэааматар пад псеўданімам «#ВАСЬКАПИЛОТ» выклаў на сваім YouTube-канале відэа пажару за Берасцем. Забарона на наведванне лясоў у раёне дзейнічае з 10 красавіка. Падрабязную карту забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Беларусі можна паглядзець на сайце Мінлясгасу.

Беларускае Радыё Рацыя