Дзень абароны правоў чалавека ў Бярозе
Бярозаўскія праваабаронцы традыцыйна адзначылі на галоўнай вуліцы горада Міжнародны дзень абароны правоў чалавека. Разам з вуснымі віншаваннямі гараджане атрымалі спецвыпуск газеты “Народная воля”.
300 экзэмпляраў газеты разыйшліся літаральна за гадзіну. Гэта значыць, што людзей цікавяць правы чалавека, кажа сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), кіраўнік мясцовай суполкі прафсаюза РЭП, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Таццяна Тарасевіч:
– Вельмі прыемна, што людзі з задавальненнем бралі газету. Ім падабалася тэма сённяшняга дня. Людзям ужо надакучыла, што іх гнобяць і гнобяць. Яны хочуць, як сказаў наш паэт, людзьмі звацца.
Нават людзі маладыя і сярэдняга ўзросту не ведаюць пра свае правы, таму з задавальненнем бралі газету, каб “ліквідаваць прабел”:
– Проста мала інфармацыі і ў СМІ таксама. Людзям не даносяць, не расказваюць.
– Нават у думках не прыходзіла пра свае правы даведацца. Чула, што яны гарантаваныя ў рамках Канстытуцыі.
Паводле Таццяны Тарасевіч, адмовіліся ад газеты толькі тры чалавекі. Гэта радуе і дае надзею на лепшае.
Цалкам матэрыял у гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя