Дзень адкрытых дзвярэй у ЕГУ
Дзень адкрытых дзвярэй прайшоў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. І хоць да апошніх дзён было невядома, ці працягнуць гэтай установе ліцэнзію, але мерапрыемства наведала каля сотні патэнцыйных абітурыентаў з Беларусі разам з бацькамі. Мерапрыемства ладзілася ў новым корпусе ЕГУ – былым Аўгустынскім кляштары ў старой Вільні.
Як кажа кіраўнік аддзела камунікацыі ЕГУ Максімас Мілта, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, у гэтым годзе прыехала больш абітурыентаў, чым у мінулым годзе ў снежні.
– Мы звычайна робім двойчы дзень адкрытых дзвярэй: у снежні і сакавіку. Таму калі раптам нехта са слухачоў Радыё Рацыя захацеў бы разам з дзецьмі ці самастойна прыехаць, то мы будзем вельмі рады бачыць 30 і 31 сакавіка на вясенніх днях адкрытых дзвярэй у ЕГУ. Мы вельмі рады таму даверу, які адчуваем з боку бацькоў, абітурыентаў. І варта адзначыць, што апошнія два гады набору ў ЕГУ былі гадамі сталага росту паступлення ў ЕГУ, нягледзячы на дэмаграфічную яму ў Беларусі, якая вельмі істотная, і тыя эканамічныя выклікі, з якімі сутыкаецца беларускае грамадства.
Падчас імпрэзы наведвальнікі знаёміліся з праграмамі ЕГУ, яго выкладчыкамі, даведваліся пра стыпендыі, праграмы абмену ды атрымлівалі адказы на ўсе хвалюючыя пытанні.
Старшакласнікі нават змаглі здаць іспыты для паступлення ў гэтую ўстанову, а для бацькоў была арганізавана культурніцкая праграма.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі