„Дзень БелАЗу” ў Жодзіне



Як звычайна 27 верасня ў Жодзіне на ПА „БелАЗ” адбываецца „дзень адкрытых дзвярэй”. Падчас свята аўтамабілебудаўніка тут адзначаецца і дзень гораду з агульнагарадскімі масавымі мерапрыемствамі, працай перасоўных гандлёвых павільёнаў, канцэртамі, гуляннямі ды завяршальным салютам.
Сёлета, нягледзячы на даждлівае надвор’е, у першай палове дня на тэрыторыю ПА „БелАЗ” традыцыйна пайшлі гараджане. Ішлі сем’ямі, з дзецьмі, паасобку, але практычна ўсе з фотакамерамі ці любымі падручнымі фотапрыладамі. Фатаграфавацца на фоне БелАЗаў у гэты дзень самая папулярная традыцыя ў Жодзіне.
На нутраным дворыку для гатовай прадукцыі адбываўся канцэрт. Але наведнікаў наперш цікавілі экспанаты. Дзеці рэагавалі па рознаму. Адны імкнуліся забрацца ледзь ні ў кабіну БелАЗа, другія з дапамогаю бацькоў залазілі ў літаральным сэнсе „у колы”, трэція смела хадзілі пад самазваламі, карацей – асвойвалі прастору.
На пляцоўцы былі выстаўлены аўтамабілі супольнага кітайска-беларускага прадпрыемства маркі Geely. Можна было свабодна пасядзець у салоне, прыглядзецца да новай аўтамабільнай тэхнікі.
У другой палове святочнага дня дождж у горадзе БелАЗаў скончыўся, хмары цалкам адступілі. Выглянула сонейка. У вечар свята працягвалася на пляцоўцы каля гарадскога Парку культуры, дзе напрыканцы праграмы адбыўся святочны салют.

[Not a valid template]
Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Алеся Лапіцкага