Дзень «Белсата» ў судзе
У судзе Цэнтральнага раёна Менска адбыўся чарговы адміністрацыйны працэс у дачыненні да журналістаў незалежнага тэлеканала «Белсат».
А 10-й пачалося першае пасяджэнне. Праўда, журналісты, якіх вінавацяць у працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі – Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў – у суд не з’явіліся. Разгляд справы адбываецца без іх удзелу. Судзіць журналістаў суддзя Іван Касцян. Да матэрыялаў справы былі далучаныя раздрукоўкі фотаздымкаў Андрэевай і Кавалёва, зробленыя падчас іх працы на масавых акцыях 3 і 29 ліпеня. Сведкаў у суд не выклікалі.
Прадказальна, суд скончыўся штрафамі: Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў пакараны штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў).
Суддзя Іван Касцян і раней удзельнічаў у палітычных справах: увесну ён адправіў пад арышт на Акрэсціна некалькі актывістаў.
А 15-й гадзіне па беларускім часе адбудзецца суд па тым жа артыкуле яшчэ над двума журналістамі «Белсата» – Алесем Сілічам і Марынай Арцыбашавай.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота „Белсат”