У Гомелі ў Дзень без аўто на 2 гадзіны ўвялі бясплатны праезд для кіроўцаў



У Гомелі ў Міжнародны дзень без аўтамабіля пасажыры пры прадастаўленні пасведчання кіроўцы і тэхпашпарта змогуць ездзіць бясплатна. Але толькі дзве гадзіны: з 7 да 9 раніцы. Бясплатны праезд датычыць не ўсяго грамадскага транспарту, а толькі аўтобусаў у рэгулярным спалучэнні катэгорыі М2. У іншых аўтобусах і тралейбусах аўтааматарам, якія вырашылі далучыцца да адзначэння Дня без аўтамабіля, давядзецца плаціць. Жыхар Гомеля і праваабаронца Леанід Судаленка, які тры гады таму перасеў з аўтамабіля на ровар, лічыць што ад аднадзённай акцыі плёну не будзе.

– Гэтая акцыя, якая праходзіць раз у год, нічога не дае. І мне здаецца, што ўлада праводзіць яе больш для справаздачы, для птушачкі. Маўляў, правялі такую акцыю. Гэта ўсё добра, але такія разавыя акцыі нічога не даюць. Я падкрэсліваю і кажу ўсім, што ровар – гэта добра. Калі суха, трэба ездзіць на ровары, а не на машыне. Мне гэта  прыносіць больш задавальнення, чым калі я еду на аўтамабілі.

Гомельскі гарвыканкам і дзяржаўтаінспекцыя заклікаюць далучыцца да міжнароднай акцыі і хаця б на адзін дзень, 22 верасня, адмовіцца ад карыстання аўтамабілем на карысць грамадскага транспарту, ровара ці хадзібы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель