Дзень без аўтамабіля



Еўрапейскі дзень без аўтамабіля адзначаецца ў Менску. Людзям, якія абяруць для даезду да працы або навучання ровар, будуць раздаваць садавіну. А аўтамабілісты змогуць бясплатна праехаць на грамадскім транспарце, дастаткова толькі будзе прад’явіць сваё пасведчанне кіроўцы.

Ідэя адзначаць Еўрапейскі дзень без аўтамабіля ўзнікла ў 1973 годзе падчас нафтавага крызісу, кажа старшыня праўлення Менскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў:

Гэта ідэя пашыраецца, гэта не толькі Еўропа. Сёлета 2400 гарадоў бяруць удзел у гэтым. І з Беларусі нават 44 гарады. Некаторыя гарады прымаюць гэта на афіцыйным узроўні, падпісваюць хартыю таго, што будуць праводзіцца мерапрыемствы. Звычайна гэтым тыднем гарады дэманструюць, што яны хочуць рабіць, напрыклад, мэры гарадоў дэманструюць, што трэба рабіць у першую чаргу. І таксама ёсць вулічныя акцыі мерапрыемства, ужо накіраваныя на жыхароў.

Па словах Паўла Гарбунова, праграма сёлетняй гарадской экалагічнай акцыі “Дзень без аўтамабілю” будзе мець адмысловую частку для дзяцей, спартовую зону, а на завяршэнне свята адбудзецца канцэрт.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара