Дзень горада з тынэйджарам



Берасце на выходных адсвяткавала свой афіцыйны 998-ы дзень народзінаў. Падобныя святы разлічаны пераважна на моладзь. Яе вачыма мы і паспрабуем зірнуць на змест афішы.

Патусіць у святочным горадзе я, каб далёка не хадзіць, запрасіла сваю сястру. Алёне 16, у яе канікулы і шмат вольнага часу для прагулак.

Малочны фэст

А прагульвацца пачалі ў пятніцу, наведаўшы прарэкламаваны сямейны фестываль «Аблокі свежага малака», які арганізуецца мясцовым флагманам харчовай прамысловасці, кампаніяй «Савушкаў прадукт» («Савушкин продукт» на мове арыгінала). Ужо азначэнне «сямейны» падказвае, што юнаку тут рабіць няма чаго, аднак канцэрт з удзелам гурта «Без білета» моладзь усё такі прыманьвае.

 

На падыходзе да лакацыі фэстывалю Алёну заварожвае вялікая колькасць людзей. Мы спыняемся ля праграмы, і сястра тыкае пальцам у танцы 19-га стагоддзя. На жаль, дадзенага івэнту мы не знаходзім, хоць агінаем сквер Міру двойчы.

Па дарозе сястра-цінэйджарка хваліць ідэю з саламянымі лаўкамі і палетавай мэбляй ды радуецца, што любімая кандытарская працуе на выездзе. Ажыўляецца, пабачыўшы цялят, але пасля іх шкадуе – напэўна, таму што тыя і мне самой нагадваюць згубленых мамамі дзяцей. Цікавіцца конкурсам па даенні штучнай каровы, але сама ўдзельнічаць адмаўляецца. З задавальненнем спыняецца ля сцэны, дзе круцяць клубную музыку і ды-джэй мажорна весяліць народ.

Яе вердыкт: «Можа, на дыскатэку і варта схадзіць такім, як я. Усё астатняе тут для маленькіх дзяцей». Гаворачы апошняе, яна абводзіць вачыма разнастайныя горкі, арэлі, батуты і іншыя развесялялкі, якіх на «Аблоках» і праўда ў дастатковай колькасці, як і саміх дзяцей.

А мы купляем поп-корн і ідзем займаць месца перад канцэртнай пляцоўкай.

 У канцэрце ўдзельнічалі выключна сталічныя зоркі. Вялі яго таксама знакамітасці — тэлевядучая Вольга Рыжыкава і спявак Тэа

Слухаючы зорак «Славянскага кірмашу», што перапяваюць чужыя песні, я старанна хаваю свае эмоцыі, каб яны не заміналі сястры скласці пра канцэрт уласнае ўражанне. Толькі на выступленні айчыннага адпаведніка ВіаГры, гурта Las Vegas, не вытрымліваю і нешта кажу пра прыпадабленне да бландынак у анекдотах. Але Алёне ўся папсовая частка не падабаецца па сваёй прычыне: «Яны ўсе спяваюць пра каханне. Я такое не слухаю». А вось хэдлайнер сястры спадабаўся, «бо песні простыя, але энергічныя. Неяк… з душой спяваюць». Не спадабалася ёй і празмерна навязлівая рэклама «Савушкіна», якая лісліва лілася з вуснаў амаль кожнага выканаўцы.

Дарэчы. Алёна чула гурт «Без білета» ўпершыню, але шмат моладзі прыйшло адмыслова на яго. Вось толькі далёка не ўсіх пусцілі на стадыён – не было месца. Прастору для гледачоў арганізавалі так, што людзі, каму не хапіла месца на трыбунах, таўкліся ў вузкім праходзе, затое ад сцэны да крэслаў віп-персон было добрых 10 метраў зялёнай травы, на якую з задавальненнем села б моладзь. Тая моладзь, якой прыйшлося назіраць за канцэртам з-за агароджавых кратаў і якую мелі на ўвазе амапаўцы, калі казалі «Сча ломанутся!», калі мы падышлі да брамы, каб выйсці.

А вы кажаце, моладзь не чытае

Асноўны дзень святкавання – суботу – мы плануем па Алёніных нататках. Мяне крыху здзіўляе, што яна не звяртае ўвагі на фестываль фарбаў. Але, аказваецца, такі фармат ёй даўно вядомы і таму нецікавы. Затое сястра нечакана пазначае мерапрыемства “Бульвар, які чытае”, таму мы апынаемся перад гарадской бібліятэкай на бульвары Шаўчэнкі. Я не здзіўляюся, калі бачу кніжныя выставы і падрыхтаваную сцэну. А вось сястра выглядае расчараванай: “Я, у прынцыпе, уяўляла, што тут будзе выстава, але думала, можна будзе нейкую кнігу купіць…”.

Моладзь так робіць: піша ў нататніку, пасля фатаграфуе, каб запісы ўсё роўна апынуліся ў смартфоне

Выглядае, сюды мы трапілі па памылцы. Школьніку цяжкавата загадзя здагадацца, што мерапрыемства праводзіць бібліятэка, а значыць, кірмашом яно закончыцца не можа. Перанасны кніжны шапік напоўнены літаратурай кшталту той, што можна набыць на аўтобусных прыпынках, і цікавасці не выклікае. Таму, пакуль чакаем пачатку, прапаную наведаць кнігарню, але і адтуль Алёна выходзіць ні з чым. Мая прагматычная сваячка падлічыла, што “Майстра і Маргарыту” танней купіць у модным «Озе», на сайт якога яна перыядычна зазірае, каб лавіць зніжкі. А я аглядаю старую кнігарню вачыма цінэйджара і здзіўляюся, як сястра яшчэ пагадзілася сюды зайсці. Ёй бы на этнографа ісці вучыцца.

Ну а з “Бульвара, які чытае” мы сыходзім адразу пасля адкрыцця, калі канчаткова становіцца зразумелым, што тут будуць настальгаваць па савецкай кніжнай эпосе.

«Зоркі»

Наступным па часе ў Алёніным раскладзе значыцца шоу зорных двайнятаў. Перасоўваемся на Савецкую, дзе можна заадно паслухаць выступленні на некалькіх канцэртных пляцоўках. Першую, дзе спяваюць пра краіну дзяцінства, мінаем. На другой заканчвае выступаць J:Морс – тут затрымліваемся па ўзаемным жаданні: мне вядомы гурт, Алёне цікава пабыць у натоўпе, што падпявае. Хаця гэты канцэрт таксама прысутнічае ў яе спісе: проста таму што назва калектыву сястры знаёмая, і ёй хацелася спраўдзіць, што ён з сябе ўяўляе.

Канцэрт падглядвалі з-за спін

А вось на самім шоу двайнят асабліва не затрымліваемся. Па-першае, няма як – месца ля Didas Persia надта прахадное, не прызначанае для доўгага сузірання. Па-другое, шоу не натхняе нават 16-гадовую сястру, хаця дзесьці на такі ўзрост яно і разлічана. З чатырох “зорак”, што паказалі ў пачатку, я ведаю адну Арбакайтэ, Алёна ж пазнае ўсіх, і нават выносіць вердыкт, хто з рукатворных дызайнерам двайнят падобны на арыгінал, а хто не. Па дарозе на тралейбус яна мне расказвае нешта пра той тып двурушша, калі нехта хэйціць Бузаву, а пасля ўсё роўна яе слухае, хоць лепш бы яна далей сядзела на сваім лужку ў «Доме-2».

Так я даведалася, хто такая Бузава. І зразумела, што хоць сястра парад зорных двайнят і крытыкуе, усё такі гэтае мерапрыемства яе ажывіла. Зоркі рускай сцэны добра вядомыя нашыя цінэйджэрам таму што.

Не лёс

Далей мы павінны глядзець рэтра-аўтамабілі і назіраць за карнавалам, але не робім ні таго, ні другога, бо чатыры гадзіны праводзім у чарзе на верталётную прагулку. Мы ўсё стаім і стаім, парадніўшыся з суседзямі, у той час, як з верталёта нейкім чынам выходзяць тыя, хто займаў за намі. Праўда, паўгадзіны чакання разнастаіла авіяшоу.

Парашутыст трымае сцяг Берасця

Затое я яшчэ раз упэўніваюся, якімі цярплівымі могуць быць беларусы. Людзі (і мы з імі) працягвалі стаяць, нават калі стала зусім відавочна, што чарга да іх не дойдзе. Рэшта заставалася нават тады, калі верталёт адлятаў з Вяслярнага канала на родны аэрадром. Не маглі паверыць берасцейцы, якія прачакалі па шэсць гадзін, што іх так кідаюць.

Пасля такога чакання ўжо асабліва і не да канцэрта, хоць «Горад святла» – апошні пункт намечанага сястрой плану. Адначасова ў парку ідзе канцэрт ад кампаніі «Вэлком», але Алёна ставіць на гэты па некалькіх прычынах: ён бліжэй да дому і яна бачыла яго фрагмент калісьці раней ды, зноў жа, запомніла назву.

Без вялікага імпэту мы топчамся перад сцэнай з гадзіну ды сыходзім у пошуках ежы. Крытычна агледзіўшы чэргі перад шапікамі, вырашаем, што бліжэйшая даступная ежа – у роднай лядоўні.

Рэзюмэ дня Алёна выдае такое: «Чарга збіла ўсе думкі, таму нават не ведаю, што сказаць… Мне шкада, што я не трапіла на карнавал».

Нягледзячы на расчараванні, не было падобна, што сястра шкадуе пра дзень. Я ж, яе праважаты, усё такі канстатую: з пункту гледжання цінэйджараў афіша мерапрыемстваў не такая і багатая. А тое, што сапраўды выклікала жывую цікавасць, аказалася на вялікую цікавасць неразлічаным.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі аўтаркі