Дзень памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій



80 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, адбыліся масавыя расстрэлы беларускай эліты. За адну ноч  НКВД расстраляў больш за сотню беларускіх дзеячаў культуры розных нацыянальнасцяў. У іх ліку былі Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Міхась Чарот ды іншыя. Гэта была кульмінацыя вынішчэння саветамі беларускіх элітаў. Усяго саветы рэпрэсавалі каля 600 тысяч жыхароў Беларусі. Прыкладна 200 тысяч з іх загінулі.

Былі рэпрэсаваныя практычна ўсе моцныя вясковыя гаспадары, міністры і кіраўнікі прадпрыемстваў, большасць акадэмікаў і прафесараў, 90 працэнтаў пісьменнікаў.

Як паведамляе БелаПАН, сёння грамадскія рухі „Разам” і „Дзея” арганізуюць традыцыйны аб’езд месцаў, дзе, паводле звестак гісторыкаў, расстрэльвалі ахвяр рэпрэсій. Збор абвешчаны на 11.00 ля галоўнага ўваходу на Кальварыйскія могілкі ў Менску. Адтуль ўдзельнікі памятнай акцыі накіруюцца ў Лошыцу, Благаўшчыну, на Вайсковыя могілкі, у Парк Чалюскінцаў і ўрочышчы Курапаты. У кожным з гэтых месцаў адбудуцца кароткія выступы і памінальныя службы. Завершыцца маршрут у 20.00 каля Чырвонага касцёла ў цэнтры Менска традыцыйнай малітвай за Беларусь.

У 16.40 у Галерэі TUT.BY народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка зачытае першы раздзел „Яўгена Анегіна” — твор Пушкіна на беларускую мову ўпершыню пераклаў Алесь Дудар, расстраляны ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску.

У 19.00 у клубе „Бруге” пачнецца канцэрт „(Не) расстраляная паэзія” з удзелам папулярных беларускіх гуртоў Vinsent, Naka, TonqiXod, Pomidor/off і іншых.

У гэты ж час апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікаў суграмадзян прыйсці да будынка КДБ са свечкамі і стаць у „ланцуг памяці”.

У 23.00 у Курапатах — месцы масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій — пачнецца акцыя памяці, арганізаваная „Маладым фронтам” (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі). Тут будуць названыя імёны расстраляных у тую фатальную ноч, прачытаныя ўрыўкі з твораў забітых літаратараў, выступяць гісторыкі.

Памятныя мерапрыемствы працягнуцца ў панядзелак. 30 кастрычніка ў 18.30 у Галерэі TUT.BY пачнецца вечар памяці, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя