Дзень памяці ахвяраў Халакоста адзначаць у Гародні
27 студзеня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Халакоста і нацыянал-сацыялізму. Ужо амаль трыццаць гадоў у Беларусі гэты дзень адзначаецца рознымі фарматамі, ад мітынгаў да сумесных малітваў і канцэртаў. Прыцягнуць увагу да гісторыі нянавісці ў шырокім сэнсе, да гісторыі трагізму жыдоў часоў Другой сусветнай вайны. У Гародні пройдзе з гэтай нагоды шэраг мерапрыемстваў. Першае пройдзе 25 студзеня а 10 гадзіны ў царкве «Надзея», што на вуліцы Шчорса, дом 1.
На фота злева направа: Яўген Калодзін, дырэктар асацыяцыі юдэя-хрысціянскага дыялогу «Шомер Інтэрнэшанал», і Барыс Квяткоўскі, старшыня Рады юдэйскай рэлігійнай грамады Гародні
Кажа Яўген Калодзін, дырэктар асацыяцыі юдэя-хрысціянскага дыялогу «Шомер Інтэрнэшанал»:
– Будзе малітва супраць антысемітызму і нацызму. Там будуць амаль прадстаўнікі ўсіх канфесій Гародні. А таксама прыезджыя госці з Менску, з Ваўкавыска, пастары, ксяндзы, музыканты. Мы будзем мець канферэнцыю, мець час выказвацца і маліцца аб тым, каб такое зло ў нашым грамадстве больш не мела месца.
Самым важным момантам будзе 27 студзеня. У панядзелак а 19.00 тут, у Харальнай сінагозе, – мітынг з удзелам рабіна грамады, фрык-тэатра «Гексаген».
Тэмы ахвяраў нацыянал-сацыялізму як напамін, што ксенафобія нараджаецца ад няведання, ад недастатковага выхавання моладзі. Шмат якія ідэі пакуль застаюцца па-за ўвагай спажывецкага грамадства, якім стала і грамадства Беларусі.
Кажа пра высілкі жыдоўскіх арганізацыяў у Беларусі, каб разбурыць застыглы мур абыякавасці да гісторыі, Яўген Калодзін.
– Шматлікія нашыя калегі, партнёры, з якімі супрацоўнічаем, паднялі такое важнае з’яўленне як «Трасцянец». Гэта чацвёрты па велічыні лагер смерці ў Еўропе, і аб гэтым свет даведаўся толькі цяпер. Шматлікія гісторыі праведнікаў, якія ратавалі габрэяў, і беларусы, і палякі, і іншыя народы, толькі год, два, тры як сталі вядомыя. У Гародні ёсць апошняя жывая праведніца – Ганна Сідаровіч.
Фундатарства ў правядзенні «Дня памяці Халакоста» ажыццявіў грамадскі дзеяч, журналіст Юры Зісер, кіраўнік агульнага сходу Беларускага парталу ТУT.BY.
Паводле праграмы, 27 студзеня мае выступіць аркестр «Нота Бэнд», пад кіраўніцтвам Генадзя Левіна. Таксама будуць праведзены акцыі «Мы памятаем» і «Спынім гэту гісторыю». 27 студзеня ля Харальнай сінагогі мерапрыемствы пачнуцца ўвечары. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя