Дзень Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Менску
Рух Салідарнасці «Разам» ладзіць Шлях Памяці па месцах, звязаных з Вялікім тэрорам 1930-ых гадоў. Шлях распачаўся на Кальварыйскіх могілках праз запальванне знічоў і супольную малітву. Вядома, што на Кальварыі целы забітых ахвяраў тэрору таемна хаваліся ў агульныя магілы альбо ў чужыя магілы. Памінальныя мерапрыемствы пройдуць таксама ва ўрочышчы Цівалі, на станцыі Менск-Таварны, Лошыцы, Благоўшчыне, Вайсковых могілках, парку Чалюскінцаў. Завершыцца дзень вялікім сходам на Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах а 20-й вечара па беларускім часе. Нагадаю, што ў 1937 годзе за адну ноч з 29 на 30 кастрычніка супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за сотню беларускіх дзеячаў культуры.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя