Дзень Перамогі ў Глыбокім



«Салют, Перамога» – у Глыбокім праходзіць свята, прымеркаванае да 74-х ўгодкаў з Дня Перамогі над нацызмам у час Другой сусветнай вайны.

Свята, як звычайна, распачалося з мітынгаў і ўскладання кветак да помнікаў загінулым. Потым адбылася акцыя-шэсце “Беларусь памятае”, падчас якой дзецям раздалі транспаранты са здымкамі тых, хто ўдзельнічаў у вайне. Некаторыя дзеці нават і не ведалі, чые партрэты яны неслі ў сваіх руках.

– На парад хадзілі. Выступалі на парадзе.

РР: І вы партрэты неслі?

– Так.

РР: А якія партрэты? Каго?

– Партызанаў.

РР: А якіх? Глыбоцкіх?

Не ведаю.

РР: Вам проста далі і вы неслі.

– Так.

РР: Вы нават не ведаеце, хто гэта былі?

– Не.

Калі дзеці ў асноўным, па іх словах, прыйшлі на свята, каб бавіць час і весяліцца, дарослыя ж па-іншаму яго ўспрымаюць.

– Самае вялікае свята для мяне, таму што мне 83 гады, і я вайну бачыла. У першы дзень вайны нас усіх, матак з дзецьмі, пагрузілі на “палутарку” і павезлі на усход. І так мы ехалі да Полацка. А Полацак ужо бамбілі. І там пад’ехалі вайскоўцы на конях і закрычалі: хутчэй, хутчэй на машыны… узрываем мост… Для мяне Перамога – гэта маё жыццё.

Падчас мітынгу-рэквіему ў Парку перамогі ў Глыбокім адбыўся малебен па загінулых, які ўзначаліў праваслаўны святар Сяргей Грамыка. У межах свята праходзілі канцэрты, працавалі ваенна-палявая кухня, спартовая і тэматычныя пляцоўкі, выставы.

Разынкай свята ў Глыбокім для наведвальнікаў стала адкрыццё пірсу на беразе возера Кагальнае і яшчэ адной скульптуры казачнаму персанажу.

Скончыцца адзначэнне Дня Перамогі ў Глыбокім дыскатэкай і салютам.

Таццяна Смоткіна