Дзень роднай мовы ў Глыбокім
У Глыбокім, што на Віцебшчыне, адзначылі Дзень роднай мовы. Імпрэза прайшла ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы. Зладзілі яе працаўнікі гэтай установы сумесна з наведвальнікамі курсаў „Мова нанова” ў Глыбокім.
Удзельнікі мерапрыемства спаборнічалі пры дапамозе разнастайных заданняў і конкурсаў у веданні беларускай мовы. А пасля распавялі пра тое, як усвядомілі сябе беларусамі і прыйшлі да вывучэння роднай мовы:
– Да мовы прыйшоў, напэўна, праз бабулю. Бабуля ў мяне вельмі добра ставіцца да беларускай мовы, яе любіла, была настаўніцай. Яна прывіла ў нас любоў да беларускай мовы. Маё меркаванне такое, што да нейкіх зрухаў у грамадстве мы прыйдзем толькі праз беларускую мову, беларускую культуру.
– Мне яна заўжды падабалася, толькі мне не было з кім размаўляць. Мы спрабавалі з сяброўкамі ва ўніверсітэце размаўляць, але калі асяроддзе расейскамоўнае, то вельмі складана. Тут знаёмыя хлопцы размаўляюць на беларускай мове, мы дамовіліся: „Давайце насамрэч будзем размаўляць”. Пайшло і пайшло, цяпер я ўжо і са сваімі сяброўкамі больш размаўляю, з бацькамі дома.
– Мне было прыемна, калі пачаў размаўляць на беларускай мове, нейкі гонар з’явіўся за сябе. Раней лічылі, што яна калгасная, а цяпер я бачу, што пайшла тэндэнцыя, што беларуская мова – гэта мова інтэлігенцыі.
Курсы „Мова нанова” ў Глыбокім працуюць з траўня 2018 года. Яны аб’ядноўваюць беларускамоўных глыбачанаў і аматараў мовы з суседніх рэгіёнаў. Менавіта гэтыя людзі ў рэгіёне найбольш цэняць і паважаюць сваю родную беларускую мову.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя