Дзень роднай мовы ў Віцебску адзначаць 22 лютага
У абласной бібліятэцы маюць адбыцца дзве імпрэзы. Адна з іх – ужо традыцыйная, а другая незвычайная ўжо тым, што яе ўдзельнікі ўпершыню публічна, запрасіўшы гараджан, адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы.
Імпрэзу анансуе выкладчыца Таццяна Дубоўская, вядучая курсаў «Мова нанова» у Віцебску:
– У абласной бібліятэцы будзе традыцыйная дыктоўка, яе прачытае кіраўнік абласной рады ТБМ Юрась Бабіч. А таксама пройдзе літаратурная імпрэза, да якой упершыню спрычыніліся выкладчыкі міжнароднага ўніверсітэту МІТСО – выкладчыкі прачытаюць свае любімыя вершы па-беларуску, і нават сам рэктар будзе чытаць у перакладзе на беларускую мову верш Сюлі-Прудом «Разбітая ваза».
Ахвотныя адсвяткаваць Дзень роднай мовы больш разнастайна маюць магчымасць зрабіць гэта ў культурніцкім цэнрты VZAP. Там пройдзе фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». Ён уключае ў сябе прэзентацыі кніг і часопісаў, сустрэчы з пісьменнікамі і перакладчыкамі, мова-квіз ад курсаў «Мова Нанова», выступы музыкаў, дыскусіі.
Тамсама можна будзе набыць кнігі выдавецтваў «Логвінаў», «Галіяфы», «ARCHE», часопісы з серыі «Наша Ніва» і «Суродзічы» ды атрымаць аўтографы аўтараў і перакладчыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя